«Гродна Азот». Фота belchemoil.by

«Гродна Азот». Фота belchemoil.by

На пасяджэнне прыйшло з дзясятак жыхароў горада, юрыст незалежнага прафсаюза Аляксандр Парадкаў, трое пазоўнікаў, прадстаўнік адказчыка Валеры Літвін. Падтрымаць работнікаў прыехаў віцэ-старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч, былы работнік «Гродна Азот».

Суддзя прызнаў звальненне хімікаў законным. Пры гэтым ён абавязаў ААТ «Гродна Азот» прывесці фармулёўку прычын звальнення ў дачыненні да Артура Богуша, Вадзіма Венскага, Аляксея Дарагога, Аляксея Сідара ў адпаведнасці з п. 6.2. Дэкрэта № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Рашэнне суда будзе абскарджвацца, паведаміў прадстаўнік незалежнага прафсаюза.

Хто і чаму судзіўся з прадпрыемствам?

Усе пазоўнікі — былыя работнікі «Гродна Азот». У розны час яны напісалі заяву аб далучэнні да стачкі. У выніку 11 хімікаў звольнілі за прагулы, дваіх — за парушэнне працоўнай дысцыпліны і прычыненне шкоды прадпрыемству.

Яны звярнуліся ў суд з патрабаваннем прызнаць звальненне незаконным, аднавіць на працы і выплаціць кампенсацыі. Свае страты кожны ацаніў у суму ад 3000 да 10 000 рублёў.

Першая дасудовая сустрэча бакоў прайшла ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 11 студзеня.

Яшчэ да таго, як суд скончыўся, некаторых азотаўцаў выклікалі ў Следчы камітэт як сведак па справе па арт. 200 КК (прымус да страйку альбо да адмовы ад удзелу ў ёй).

Маўляў, 20 жніўня 2020 года на мабільныя тэлефоны кіраўніцтва ААТ «Гродна Азот» паступілі паведамленні з пагрозамі забойствам у выпадку няўдзелу ў забастоўцы і падтрымкі стачкама. Такія ж паведамленні паступілі шасці супрацоўнікам у Viber, пры гэтым у кожным падобным выпадку ўказваліся імёны дзяцей работнікаў прадпрыемства, паведамлялі ў Следчым камітэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0