«Што вы робіце звычайна па выходных? — пытаецца ў іх Золатава. —

Лыжы, фітнес, басейн, саўна? Адпачынак на прыродзе ў коле сям'і і сяброў? Гэта выдатна. Надзя Калініна ў пятніцу ўвечары клікала ў госці сябровак — на гарбузовы суп. У суботу «хацелі паснедаць у кафэ, каб зразумець, што хоць вакол пекла, мы жывыя і можам быць шчаслівымі». Не выйшла. Таму што ў пятніцу ўвечары Надзя апынулася на Акрэсціна.

І вось ужо прайшла субота, сканчаецца нядзеля — Надзя ўсё яшчэ там. І, хутчэй за ўсё, — а мы ўжо дасведчаныя людзі, таму што з мая 2020 года журналістаў TUT.BY затрымлівалі 39 разоў — у панядзелак будзе які-небудзь суд. «Які-небудзь» — бо мы нават не ведаем, за што на Надзю склалі пратакол.

Тысячы людзей з мая 2020 года прайшлі праз ізалятары. Акрэсціна, Жодзіна, Баранавічы — якія асацыяцыі выклікаюць у вас гэтыя назвы?

Вы цяпер будзеце гаварыць пра баевікоў, тэрарыстаў, злачынцаў, парушальнікаў закона і іншыя паняцці, у якія вы па нейкіх прычынах верыце ці робіце выгляд, што верыце. Але мой ліст аб іншым. Тым больш, што канкрэтная Надзя Калініна ў пятніцу днём ішла асвятляць з'езд дэлегатаў ад Мінска на Усебеларускі народны сход. Ды і затрыманні, суды, пакаранні — гэта не да вас, вядома.

Давайце пагаворым аб чалавечнасці і міласэрнасці. Я спадзяюся, для вас гэтыя словы не пусты гук. Вы ж выбіралі медыцыну, напэўна, для таго, каб дапамагаць людзям? Таму што чалавечыя пакуты прыносяць вам боль?

Больш за тры тыдні на Акрэсціна не прымаюць перадачы. У Жодзіне іх таксама перасталі прымаць. Наогул. Можна перадаць толькі лекі — ды і то з рыпам. А яшчэ некалькі месяцаў таму перадачы прымалі штодзень, потым раз на тыдзень.

Каранавірус, кажаце? Аднак ён не перашкаджае ўтрымліваць у камеры, разлічанай на шасцярых, 16 чалавек, а таксама рэгулярна «раскідваць» людзей па розных камерах.

Давайце прыкінем з вамі, ці можна пратрымацца 15 сутак (распаўсюджаны тэрмін адміністрацыйнага арышту) без перадач. Без цёплых рэчаў, без пасты і зубной шчоткі, без сродкаў гігіены, без бялізны. Ну, а калі месячныя? Уявілі?

15 сутак без зменнай бялізны!

Дапусцім, ваша вера ў «злачынцаў-баевікоў і іншае» непахісная, як і ў «святасць дзейнай улады». Але, скажыце, дзесьці напісана, што адсутнасць чыстых трусоў і зубной пасты ў ІЧУ дадае ачкоў у карму або спрыяе выпраўленню? А пасцельнай бялізны і матрацаў? Дзесьці сказана, што дзяржава будзе мацнейшай, калі затрыманыя паводле адміністрацыйных спраў будуць ляжаць на голых нарах і нават на падлозе ў перапоўненых камерах або калі іх не будуць вадзіць у душ цягам 15 дзён?

Ці вы думаеце, што чалавек, правёўшы хай нават не 15, а трое сутак у ізалятары ў такіх умовах, прасякнецца да ўлады павагай? «О-о-о-о! Напэўна, гэта ўлада такая моцная менавіта таму, раз можа сабе дазволіць так здзекавацца з арыштантаў?»

«Адміністрацыйна арыштаваным дазваляецца атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў без абмежавання іх колькасці» — гэта вытрымка з артыкула 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Права на перадачы, індывідуальнае спальнае месца, пасцельныя прыналежнасці, штодзённыя прагулкі і па крайняй меры штотыднёвы душ гарантавана адміністрацыйна затрыманым і правіламі ўнутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту.

У МУС вам скажуць, што гэтыя правілы выконваюцца. Але пацікаўцеся ў калег-медыкаў, якія пабывалі на Акрэсціна і ў Жодзіне. Упэўненая, у вас ёсць такія знаёмыя.

Вось і ўсё, мабыць.

Спадзяюся, вы добра правялі выходныя», — напісала Марына Золатава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0