Затрыманне Віктара Фенчука папала на фота.

Затрыманне Віктара Фенчука папала на фота.

Учора затрымалі добрага сябра. І я сам адчуў, што гэта такое, стаяць ноччу каля РУУСа. Сёння зноў суды. Супакойваеш сваякоў і жартуеш, што сядзець не складана.

Ніякай рамантыкі, вядома, у гэтых адседках няма. Але за час сядзення з амаль трыццаццю людзьмі і змену трох папраўчых устаноў, я не ўбачыў ніводнага чалавека, які б не даў рады сваім суткам, піша Віктар Фянчук у сябе ў фэйсбуку.

У нейкай меры, сядзельцам нават прасцей, чым іх сваякам і сябрам. Жыццё вызначана і цячэ мерна.

Для мяне ўсё пачалося на Стэле, калі я разгарнуў сцяг і ўключыў «рэжым Ніны Багінскай», як потым сказаў адзін мой таварыш.

Сцяг у руках накладвае свой адбітак, і ты перастаеш баяцца і ўцякаць. Ланцуг УВшнікаў праглынуў мяне вельмі хутка. І я ўбачыў шырока расплюшчаныя вочы маладога хлопца, які схапіў мяне за руку і ў вачах якога была пякельная сумесь адрэналіну і страху.

«Я не супраціўляюся. Ты толькі дыхай!» — цяпер гэта здаецца мне дзіўным, але менавіта так я разы тры яму сказаў, пакуль ён вёў мяне, няўмела спрабуючы заламаць мне руку, да свайго камандзіра, у якога на шлеме ззаду была налепка «псіх».

У аўтазаку я трапіў у шклянку з Жэнем з Wargaming і Сашам, выкладчыкам музычнай школы. Калі Сашу затрымалі, яго жонка пайшла за ім да аўтазака і яе таксама пасадзілі кудысьці насупраць, і яна крычала «Саня, я тут». А Саня прасіў амапаўцаў прагнаць яе з аўтазака дадому да дзяцей. Тады я яшчэ не ведаў, што з Жэнем і Сашам я апынуся ў адной камеры ў Жодзіне, а з Сашам 4 ночы буду спаць валетам на адной шконцы і прыціскацца да яго пашчыльней спінай, каб сагрэцца.

Там жа ў аўтазаку студэнт-юрыст Ягор з тарцовага стакана з, мабыць, зламаным галёнкаступам і ў стане посттраўматычнага шоку, няспынна спрабаваў «наставіць на дарогу праўдзівую» амапаўцаў, якія суправаджалі нас і якія не прамовілі ні слова на яго спробы іх разгаварыць.

У Савецкім РУУСе Ягора паставяць тварам да сценкі разам з усімі намі. І кожны раз, калі ён, не ў сілах стаяць на зламанай назе, будзе станавіцца на калені, яго будуць падымаць назад. Потым ён будзе кульгаць праз увесь двор на допыт. І толькі ўвечары яму выклічуць хуткую дапамогу.

На Акрэсціна мяне змясцілі аднаго ў карцары. І гэта было дзіўна, бо астатнія сядзелі 20 чалавек у 8-мясцовай камеры.

Вітанне сонцу на адкінутай шконцы карцара (мой ёга-тычар мной бы ганарыўся), медытацыя і сілавыя практыкаванні з адкідным ложкам. Увогуле, усё пачыналася для мяне як круты маўклівы рэтрыт.

І нават тое, што суддзя па прозвішчы Воўк даў адразу 15 сутак, не сапсавала мне адчуванняў. Пакуль у аўторак вечарам нас не вывелі ў двор і не адправілі ў Жодзіна.

Па дарозе ў Жодзіна хлопцы радаваліся ў аўтазаку, бо ў Жодзіне, па водгуках, было класна. Нас жа сустрэлі людзі з рэальна садысцкімі схільнасцямі — мацюкамі, сядзеннем на выдуманым стульчыку і пендалямі за павольнае распрананне.

«Служыў?» — «Не» — « Слабак!»

Калі мы, нарэшце, апынуліся ў камеры, ніхто не наракаў, што нас 16, а ложкаў усяго 8, усе былі рады спакою.

Больш страгачу ў нас нідзе не было, але «цёплая» сустрэча запомнілася надоўга.

Іншыя хлопцы потым казалі, што іх прымушалі мыць у душы падлогу беларускімі сцягамі. У Жодзіне мы атрымалі першыя перадачы і жыццё наладзілася. Усе ўцягнуліся ў рэжым і дні пацяклі.

Праз чатыры дні нас перамясцілі ў Магілёў даседжваць 9 дзён. Трэба было вызваляць месца для меркаваных затрыманых на чарговым нядзельным маршы. Невялікая камера на 16 чалавек з высокай вільготнасцю з-за слабых батарэй. Праз нейкі час мы пачалі хварэць, і да канца тэрміну перахварэла паўкамеры (некалькі чалавек потым зрабілі аналізы і пацвердзілі каранавірус).

Лісты, якія прыйшлі аўтару за час зняволення.

Лісты, якія прыйшлі аўтару за час зняволення.

Не дапамаглі штодзённыя прагулкі, якія ўладальнік лагістычнай кампаніі Раман выдатна ператварыў для нас ва ўрокі фізкультуры на свежым паветры. На жаль, у Магілёў некалькім людзям перадалі цыгарэты, пачаліся штогадзінныя перакуры, у выніку ад няма чаго рабіць закурылі яшчэ пару некурцоў.

Галоўным пытаннем у Магілёве было, «як мы будзем адсюль выбірацца» — хтосьці быў без грошай, хтосьці без тэлефона. Не было і дня, напэўна, каб журналіст Ян, родам з Магілёва, не распавядаў бы пра тое, як ходзяць маршруткі на Мінск ці не маляваў бы схему, «як ад СІЗА дайсці да аўтавакзала». Але гэта аказалася лішнім:

першымі на выхадзе нас сустрэлі два хлопцы са словамі «Не хвалюйцеся, мы валанцёры. Назавіце ваша прозвішча». Усё было арганізавана і пад кантролем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0