14 мая на канале «Беларусь-1» выйшаў рэпартаж пра тое, як беларускія прафсаюзы падтрымліваюць медыкаў. Старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі сам прывёз у Мінскую ЦРБ сродкі індывідуальнай аховы — дэзгелі, каля трох тысяч бахіл, камбінезоны. Увагу гледачоў прыцягнулі кадры, на якіх Маліноўскі расказвае пра дапамогу, а на заднім плане цюкі з СІА… загружаюцца назад у багажнік аўтамабіля.

Натуральна, пад відэа — дзясяткі негатыўных каментароў. Што адбываецца? «Еўрарадыё» звязалася з Віктарам Маліноўскім, за чыёй спінай цюкі загружаюць у машыну.

— Да мяне падышоў доктар і сказаў: «Віктар Тадэвушавіч, адвязіце гэтыя рэчы на склад, каб іх не насілі нашы жанчыны». Загрузілі, адвезлі, я ж не мог сказаць: «Цягайце», — каментуе функцыянер. — У мяне слоў няма. Не думаў, што ёсць такое стаўленне ў людзей. Здарылася нейкае непаразуменне, а людзі ўжо хутчэй па-свойму трактаваць. Адно толькі спадабалася: 53 тысячы паглядзела. Думаю, можа, не ва ўсіх неяк мазгі завёрнуты ў іншы бок.

Па словах Маліноўскага, з пункту гледжання тэлевізійнага майстэрства тое, што было паказана, магчыма і памылка. Але ніякая не падстава. Прафсаюз сумленна прывёз у бальніцу бахілы і камбінезоны.

— Прыкра. Проста не думаў, што ў нас ёсць такія людзі, што думаюць, што чыноўнікі ці грамадскія арганізацыі займаюцца нейкімі такімі справамі. Як можна добрую справу ўзяць і апляваць? — дадае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?