Рускай службе Бі-бі-сі стала вядома магчымае імя аднаго з галоўных фігурантаў справы аб крушэнні «Боінга», што выконваў рэйс МН17.

Генерал-палкоўнік ФСБ Андрэй Бурлака — меркаваны «Уладзімір Іванавіч». Фота bryanskobl.ru.

Генерал-палкоўнік ФСБ Андрэй Бурлака — меркаваны «Уладзімір Іванавіч». Фота bryanskobl.ru.

У матэрыялах Аб'яднанай следчай групы (JIT), якая вядзе афіцыйнае міжнароднае расследаванне падзення самалёта, гэты чалавек праходзіў пад псеўданімам «Уладзімір Іванавіч». Людзі, што асабіста мелі зносіны з гэтым чалавекам, сказалі Бі-бі-сі, што за імем можа хавацца дзейны першы намеснік кіраўніка памежнай службы ФСБ Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Бурлака.

У апублікаваных следчымі тэлефонных перамовах прадстаўнікі самаабвешчанай ДНР паміж сабой называлі Уладзіміра Іванавіча камандзірам усёй аперацыі на ўсходзе Украіны. А былы міністр абароны ДНР Ігар Стралкоў згадваў, што падпарадкоўваўся загадам Уладзіміра Іванавіча.

Адна крыніца, якая назвала Бі-бі-сі верагоднае імя «Уладзіміра Іванавіча», удакладніла, што пасля завяршэння актыўнай фазы канфлікту на ўсходзе Украіны ў 2014—2015 гадах генерал Бурлака атрымаў павышэнне, а таксама найвышэйшую дзяржузнагароду — Героя Расіі.

Бі-бі-сі не ўдалося знайсці ўказ аб прысваенні ўзнагароды, але вядомыя выпадкі, калі званне прысвойвалася закрытым указам, які ніколі не публікаваўся.

З адкрытых крыніц вынікае, што да 2014 года Андрэй Бурлака быў генерал-лейтэнантам, а пасля стаў генерал-палкоўнікам.

У тэлефонных перамовах прадстаўнікоў ДНР, перахопленых Службай бяспекі Украіны і далучаных да матэрыялаў справы аб крушэнні МН17, Уладзіміра Іванавіча называюць «вялікім начальнікам, які прыляцеў з Масквы».

Андрэй Іванавіч Бурлака нарадзіўся ў 1965 годзе ў Савецкай Гавані (Хабараўскі край). У 1986 годзе скончыў памежнае вучылішча, службу пачынаў на мяжы ў Сярэдняй Азіі. У 1995 годзе скончыў Акадэмію ФСБ, пасля чаго працаваў кіраўніком аператыўных падраздзяленняў у Ціхаакіянскім рэгіянальным памежным упраўленні і ў Далёкаўсходнім рэгіянальным упраўленні ў Хабараўску. У кастрычніку 2007 года загадам Уладзіміра Пуціна генерал-маёр Бурлака быў прызначаны начальнікам Сахалінскага пагранічнага ўпраўлення ФСБ Расіі.

Пасля працы на Сахаліне — перавод у Маскву, дзе ён ужо ў званні генерал-лейтэнанта спачатку працаваў начальнікам аператыўна-арганізацыйнага ўпраўлення памежнай службы ФСБ Расіі, а затым стаў намеснікам кіраўніка гэтага ведамства.

Крыніца Бі-бі-сі, якая мае доступ да сістэмы «Вышук-Магістраль» (там захоўваюцца звесткі аб перасоўванні грамадзян на цягніках, самалётах і аўтобусах), устанавіла даты паездак генерала ў перыяд з 2014 па 2019 год.

У 2014 годзе, калі на ўсходзе Украіны пачаліся баявыя дзеянні, Андрэй Бурлака як мінімум тройчы лётаў у Растоў-на-Доне — горад, які ў той момант ператварыўся ў галоўны перавалачны пункт для расейцаў, якія хацелі ўзяць удзел у баявых дзеяннях на баку самаабвешчаных рэспублік.

16 або 17 красавіка 2014 года (у генерала былі набытыя квіткі на абодва рэйсы) Андрэй Бурлака вярнуўся ў Маскву з першай паездкі ў Растоў — дакладная дата яго прыезду Бі-бі-сі невядомая. За некалькі дзён да гэтага, у ноч з 11 на 12 красавіка, група з 52 чалавек на чале з Ігарам Стралковым перайшла расійска-ўкраінскую мяжу ў Данецкай вобласці і захапіла Славянск.

Праз два месяцы, 17 чэрвеня 2014 года, генерал Бурлака зноў вылецеў з Масквы ў Растоў-на-Доне, а 20-га вярнуўся назад. Гэтая паездка адбылася неўзабаве пасля першай асабістай сустрэчы Уладзіміра Пуціна з толькі што абраным тады прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Нармандыі.

Нарэшце, 15 ліпеня 2014 г. генерал зноў вылецеў з Масквы ў Растоў-на-Доне. 17 ліпеня над Данецкай вобласцю быў збіты «Боінг» Малайзійскіх авіяліній з 298 пасажырамі на борце. На наступны дзень, 18 ліпеня, Бурлака вярнуўся з Растова ў Маскву і больш, як вынікае з даных, наяўных у распараджэнні Бі-бі-сі, у 2014 годзе ў Растоў-на-Доне не ездзіў.

Як распавяла Рускай службе Бі-бі-сі крыніца, якая мае доступ да персанальных баз даных, з сістэмы «Вышук-Магістраль» пасля былі выдалены ўсе даныя аб пералётах генерала Бурлакі за 2014 год. Інфармацыю аб яго перасоўваннях крыніцы Бі-бі-сі ўдалося дастаць з архіўнай копіі гэтай сістэмы.

Масква паслядоўна адмаўляе свой удзел у канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны. Пры гэтым і шараговыя байцы, і афіцэры падраздзяленняў ДНР і ЛНР неаднаразова казалі пра тое, што дапамога з боку Расіі адыгрывала вырашальную ролю ў поспехах армій самаабвешчаных рэспублік.

Аб'яднаная следчая група, абапіраючыся на фота- і відэасведчанні, а таксама паказанні відавочцаў, заключыла, што комплекс «Бук», які збіў «Боінг» МН17, таксама прыбыў на Данбас з Расіі. Паводле наяўных звестак, зенітна-ракетная ўстаноўка праехала праз Растоўскую вобласць і перайшла расійска-ўкраінскую мяжу ў месцы, не падкантрольным украінскім памежнікам.

Калі генерал Андрэй Бурлака і «Уладзімір Іванавіч» з'яўляюцца адным і тым жа чалавекам, то Аб'яднаная следчая група зможа зрабіць яшчэ адзін крок у расследаванні ўсёй карціны таго, што адбывалася ў Данбасе ў ліпені 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0