Ва Украіне да 11 мая працягнулі дзеянне каранцінных абмежаванняў у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19.

Адпаведнае рашэнне прынята на пасяджэнні Кабінета міністраў Украіны 22 красавіка. Да гэтага абмежаванні павінны былі дзейнічаць да 24 красавіка, паведамляе УНІАН.

Па словах прэм'ера Дзяніса Шмыгаля, ва ўрада ёсць дакладны план выхаду з каранціну, ён складаецца з 5 этапаў.

«Ёсць стартавая кропка рэалізацыі гэтага плана. Мы яе ўмоўна можам назваць дзень «К», гэта значыць дзень канца каранціну. Пачатак рэалізацыі нашага плана зможам запусціць пры ўмове спрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі. Па нашых прагнозах, гэты дзень павінен наступіць 11 мая. Таму сёння будзем працягваць каранцін да гэтай даты», — растлумачыў Шмыгаль.

Паводле яго слоў, для пачатку выхаду з каранціну на працягу 10 дзён адсотак выяўленых выпадкаў захворвання ў краіне павінен не змяняцца, вагацца ў межах плюс-мінус 5%».

Другая ўмова — бальніцы, запоўненыя пацыентамі з COVID-19 менш чым на 50%… Пасля гэтага ідзём дарожнай картай выхаду з каранціну і рэалізуем наступныя 4 этапы», — дадаў ён.

Па стане на раніцу 22 красавіка ва Украіне зафіксавана 6 тысяч 592 выпадкі каранавіруснай хваробы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0