Жыхарка Жлобіна, прыходзячы ў дом да свайго хлопца, рэгулярна крала ўпрыгажэнні яго маці, каб купляць сабе модныя рэчы, паведамляе «Новы дзень».

23-гадовая дзяўчына раней ужо была асуджаная за крадзеж маёмасці з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. Тады суд прысудзіў яе да аднаго года пазбаўлення волі. Вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі, дзяўчына працяглы час нідзе не працавала.

У кастрычніку 2019 года праз інтэрнэт яна пазнаёмілася з мужчынам, які жыве ў Жлобіне. Неўзабаве яны сустрэліся асабіста. Потым новы знаёмы пачаў часта запрашаць яе да сябе дадому. Яшчэ пры першым наведванні чужой кватэры жанчына пабачыла дзве шкатулкі — адну ў спальні, другую — у гасцінай. Застаўшыся на нейкі час адна, госця зазірнула ў іх. Там ляжалі залатыя ўпрыгажэнні і біжутэрыя, якія належаць маці знаёмага.

У першы раз дзяўчына вынесла з сабой залатыя завушніцы, потым ланцужок і гэтак далей. Усяго скрала больш за дзесяць ювелірных вырабаў на агульную суму звыш 6000 рублёў. Выкрадзенае яна здавала ў ламбард, а на вытаргаваныя грошы купляла сабе модную вопратку.

Гаспадыня ўпрыгажэнняў пачала здагадвацца пра крадзяжы ў доме толькі пасля таго, як не далічылася ў кашальку 300 рублёў. Аператыўнікі вылічылі і затрымалі падазраваных.

Нядаўна адбыўся суд. Ён прызнаў жыхарку Жлобіна вінаватай у крадзяжы і прысудзіў яе да двух гадоў абмежавання волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0