У гэты трывожны час пандэміі тэатры Беларусі і свету паказваюць свае найлепшыя спектаклі анлайн, каб людзі маглі ратавацца мастацтвам.

Панядзелак: «Бяседа», «Новы тэатр» (Варшава)

Фота Magda Hueckel

Фота Magda Hueckel

Памятаеце магічнага Барташа Бяленю з намінаванага на «Оскар» фільма «Божае Цела»? Яго можна пабачыць не ў кіно, а на тэатральнай сцэне — у варшаўскім «Новым тэатры».

Сёння да апоўначы тут можна паглядзець гуллівую «Бяседу», пастаўленую паводле дыялогу Платона адным з «найгарачэйшых» тэатральных рэжысёраў Польшчы Кшыштафам Гарбачэўскім. У вынаходлівай, жартаўлівай, эратычнай адаптацыі класічнага тэксту Сакрат, Арыстафан, Агафон ды іншыя збіраюцца на чарговую тусоўку, вырашаюць, што пасля ўчорашняй папойкі варта піць менш, і заводзяць размову пра каханне. Пастаноўка ідзе на польскай мове і суправаджаецца англійскімі субцітрамі.

Дзе глядзець: па спасылцы

Калі глядзець: запіс даступны да апоўначы 13 красавіка

Аўторак: «Каласы пад сярпом тваім», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі

Пастаноўка паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча некалькі гадоў ішла на сцэне РТБД з аншлагамі, але ў 2013 годзе з пачаткам новага сезона знікла з рэпертуару. Гэта тлумачылася зношанасцю дэкарацый і немажлівасцю задзейнічаць пэўных акцёраў, але пасаж быў тым не менш параўнаны з неафіцыйнай забаронай «Тутэйшых» Мікалая Пінігіна, што зніклі са сцэны Купалаўскага тэатра пасля шаснаццаці гадоў паспяховых выхадаў да публікі. У анлайн-паказе спектакль «Каласы пад сярпом тваім» рэжысёра Валерыя Анісенкі будзе прадстаўлены ў запісе 2010 года.

Дзе глядзець: на Youtube-канале РТБД 

Калі глядзець: а 19 гадзіне 14 красавіка

Серада: «Джэн Эйр», Каралеўскі нацыянальны тэатр (Лондан) 

nationaltheatre.org.uk

nationaltheatre.org.uk

Тэатр, мастацкім кіраўніком якога ў свой час быў Лоўрэнс Аліўе, а сённяшнім апекуном з’яўляецца герцагіня Сасэкская Меган, паказвае, як у сучаснасці можна ставіць «касцюмныя» драмы. Спектакль «Джэн Эйр» паводле аднайменнага рамана Шарлоты Бронтэ адгукаецца ў парадку дня феміністычным пасылам: галоўная гераіня Джэн перажывае беднасць, жорсткасць і здрады, але змагаецца за свабоду і права самой вырашаць свой лёс.

Запіс спектакля суправаджаецца рускімі субцітрамі. Пасля завяршэння трансляцыі «Джэн Эйр» тэатр уключыць «Востраў скарбаў» паводле Сцівенсана.

Дзе глядзець: спасылка даступная на сайце 

Калі глядзець: да 16 красавіка

Чацвер: «Чаадскі» Аляксандра Манацкова і Кірыла Сярэбранікава, «Гелікон-опера» Масква

Фота helikon.ru

Фота helikon.ru

«Чаадскі» быў названы оперным спектаклем года ў Расіі. Рэжысёра, якога мы таксама ведаем па фільмах «Граючы ахвяру», «Вучань» ці «Лета», цяпер можна ўбачыць і ў тэатры: у яго «Чаадскім» сумяшчаюцца вобразы Чацкага і Чаадаева, Соф’я ў спартыўным касцюме круціць педалі велатрэнажора, а платформу з акцёрамі трымаюць сорак жывых «атлантаў». Пастаноўка з’яўляецца не толькі прыкладам таго, якой можа быць сучасная опера, але і выказваннем пэўнай грамадзянскай пазіцыі, за наяўнасць якой, здаецца, Сярэбранікаў у выніку і пацярпеў.

Дзе глядзець: па спасылцы

Калі глядзець: запіс даступны да 26 чэрвеня

Пятніца: «Гамлет», тэатр «Глобус» (Лондан) 

Легендарны тэатр на беразе Тэмзы «Глобус», дзе Уільям Шэкспір быў адным з акцыянераў і для якога ён пісаў свае п’есы, быў разабраны пурытанамі яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя, але ў канцы 1990-х узведзены наноў на месцы знойдзеных парэшткаў. Так, Шэкспір не іграў на сцэне менавіта гэтага «Глобуса», але гаворка ідзе пра ўсё той жа опэн-эйр тэатр, дзе ёсць некалькі сотняў стаячых месцаў, а спектаклі іграюцца толькі ў цёплую пару. І дзе, вядома ж, ставіцца Шэкспір: гэтымі днямі на Youtube-канале «Глобуса» даступны запіс пастаўленага ў 2018 годзе «Гамлета», уласна найвядомейшай трагедыі класіка. З прывабнай доляй гумару тут паказваюцца і палітычныя інтрыгі, і філасофскія развагі, і сэксуальная апантанасць.

Запіс суправаджаецца англійскімі субцітрамі.

Дзе глядзець: спасылку шукайце на сайце 

Калі глядзець: запіс даступны да 19 красавіка

Субота: «Пелеас і Мелізанда», «Камічная опера» (Берлін)

Фота E. Carecchio

Фота E. Carecchio

Гэта адзіная закончаная опера знакамітага імпрэсіяніста ад музыкі Клода Дзебюсі, якую той пісаў на працягу дзесяці гадоў. Лірычная драма адбываецца ў Сярэднявеччы: прынц Гола сустракае ў лесе Мелізанду, прыводзіць загадкавую незнаёмку ў палац у якасці жонкі і просіць брата Пелеаса дапамагчы ў адносінах з дзедам-каралём.

Берлінская «Камічная опера» зрабіла пастаноўку ў чорна-белых колерах і без асаблівых дэкаратыўных выкрутасаў, каб нагадаць, «што сапраўды важна ў музычным тэатры». Пры гэтым аўтары не стылізавалі оперу пад Сярэднявечча, і выканаўцы тут апранутыя ў касцюмы з гальштукамі і сучасныя сукенкі.

Запіс суправаджаецца англійскімі субцітрамі.

Дзе глядзець: па спасылцы

Калі глядзець: запіс даступны да 8 ліпеня

Нядзеля: 60-хвіліннае шоу, Цырк дзю Салей

Фота flickr.com

Фота flickr.com

Кожную пятніцу знакамітая кампанія, што ў відовішчных выступах паядноўвае музыку, харэаграфію і цыркавое мастацтва і да таго ж ніколі не выкарыстоўвае ў сваіх шоу жывёл, публікуе новае гадзіннае відэа. Вядома, выбіраць ёсць з чаго: Цырк дзю Салей уяўляе сабой некалькі труп, што выступаюць не толькі ў Лас-Вегасе, але і ў шатрах падчас гастрольных тураў. Цяпер на Youtube-канале кампаніі даступныя ўжо тры запісы, у якіх бачнае майстэрства трупы ў скоках, танцах, спевах і ўвогуле правакацыі на захапленне.

Дзе глядзець: на сайце цырка

Калі глядзець: запісы абнаўляюцца штотыдзень і застаюцца ў доступе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?