Прапаноў аб пастаўках і перапрацоўцы ў Беларусі нафты ўжо нямала. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй канцэрна «Белнафтахім» Андрэем Рыбаковым і віцэ-прэм'ерам Юрыем Назаравым, перадае БЕЛТА.

«Тэма размовы, як вам вядома, ранейшая — пастаўкі ў Беларусь вуглевадароднай сыравіны, перш за ўсё нафты. Да мяне паступіў шэраг прапаноў па пастаўках нафты і перапрацоўцы ў Беларусі. Цяпер такіх прапаноў ўжо, дзякуй Богу, нямала. Я хачу з вамі ўзгадніць некаторыя пытанні. І параіцца, якім чынам нам (варта, не варта купляць гэтую нафту) лепш паступіць, што больш эканамічна выгадна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Думаю, што мы знойдзем рашэнне. Я вас тузануў у выходны дзень, бо пытанне не трывае адкладання. Нам трэба прымаць рашэнне і ўжо з панядзелка-аўторка забіраць гэтую нафту. Бо аб'ёмы вялікія — больш за 6 млн тон», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаем, у аўторак 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка таксама правёў нараду па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны ў 2020 годзе і на перспектыву.

Ён канстатаваў, што асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй. Нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала прымяняцца і ў дачыненні да Беларусі. У той жа час менавіта на нафтавую сыравіну завязаныя не толькі патрэбы ўнутранага рынку паліва, але і стабільная праца хімічных і іншых прадпрыемстваў.

«Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны. Нафта — не манапольны тавар, і ахвотных працаваць з намі дастаткова нават у самой Расіі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін. Асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў свеце, у тым ліку з нашым партнёрам-манапалістам», — заявіў у аўторак Аляксандр Лукашэнка.

Не менш інтэнсіўна, падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, варта адпрацоўваць лагістыку паставак. У гэтым плане неабходныя не проста дагаворы на транспарціроўку нафты, а комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні, варта прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0