Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры цяперашніх умовах на сусветным рынку энерганосьбітаў расійскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля $ 90 за 1 тыс. куб.м. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з паслом Беларусі ў Расіі Уладзімірам Сямашкам, піша БелТА.

«Што датычыцца прыроднага газу, сёння ў Еўропе (і гэта мне сказаў не наш міністр, а буйны расійскі прадпрымальнік — з Сечыным мы размаўлялі, ён жа таксама газам займаецца) газ менш за $110. Гэта там — у Еўропе — на біржах. Значыць, у нас ён у раёне да $ 90. Калі браць сусветную цану», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Так, там ёсць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты. Але ж доўгатэрміновыя кантракты па газе заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбылося падзенне цаны на нафту, значыць, адбылося падзенне цаны на прыродны газ. Таму $ 127 — сёння ўжо ў свеце такой цаны няма», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэта трэба мець на ўвазе. «І ты (звяртаючыся да Уладзіміра Сямашкі) лепш за мяне ведаеш гэта, як гэта лічыцца», — сказаў Лукашэнка

«Таму пазіцыя наша па нафце і па пастаўках прыроднага газу з Расіі, па цэнах абсалютна праяснілася. І ў гэтым кірунку мы павінны працаваць. І гэта ўсё кладзецца на цябе, хто б да цябе з міністраў ні прыязджаў», — рэзюмаваў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0