«З дзяцінства мне больш за ўсё падабаліся брамнікі»

Валерый рос у Лідзе і з дзяцінства ганяў мяч з суседскімі хлопцамі. У футбольную секцыю трапіў у класе трэцім — тады трэнер хадзіў па школах і запрашаў усіх ахвотных. З Валеравага двара запісалася чалавек сем.

«Зразумела, што мне больш за ўсё падабаліся брамнікі. Усё ж такі самае прыгожае ў футболе не сам гол, а варатаванне. Але я да 6—7 класа то ў полі бегаў, то брамнікам быў — вагаўся яшчэ. А потым падчас нейкіх спаборніцтваў у Горадні атрымаў пашкоджанні наш брамнік і прыйшлося мне стаць у вароты, і з такога моманту неяк пайшло: «Валера, давай, тваё месца там», — успамінае спартовец.

Пачынаў ён з вялікага футбола — выступаў за каманды «Савіт», «Ліда», «Смаргонь», прабіваўся ў вышэйшую лігу і спрабаваў у ёй замацавацца. А ў 27 год перайшоў у «пляжнікі». 

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

«Былі траўмы, вельмі балюча абыходзіліся трэніроўкі: то ў галёнкаступнёвым, то ў тазасцегнаватым суставе былі непрыемныя адчуванні. І я вырашыў узяць паўзу. І так атрымалася, што дзякуючы знаёмству з Яўгенам Гайдуком, футбольным агентам, Віталём Крупіцам, які быў у зборнай па пляжным футболе, мяне запрасілі ў каманду БАТЭ [па пляжным футболе]. За БАТЭ пачаў гуляць, за зборную — і неяк так закруціла. Тут усё ж такі пясок, мне было лягчэй, і для здароўя лепей. І месцы, дзе праводзіліся спаборніцтвы, — мора, цёпла…

Цяпер тых балячак, якія калісьці былі, я ўжо не адчуваю. Можа, таму, што не займаюся прафесійна — кожны дзень у мяне трэніровак няма, дзе трэба перамагаць сябе. Тут дастаткова падтрымліваць форму, ездзіць на зборы».

Трэніруюцца футбалісты на стадыёне ў спартыўным комплексе «Алімпійскі». Праўда, толькі ў цёплы час. Узімку ходзяць гуляць у футвалей (валейбол нагамі) і наведваюць трэнажорку. 

Сёлета зборная ўпершыню адабралася на чэмпіянат свету. Беларускі вялікі футбол такімі дасягеннямі пахваліцца не можа. Але гэта не значыць, што пляжны ў нас развіты лепш. Проста іншыя краіны не надаюць яму шмат увагі.

«Калі б ён быў алімпійскім відам спорту, то Нямеччына, Англія, Харватыя, Францыя, Іспанія — яны заўсёды добра гуляюць у гульнявыя віды спорту — займаліся б ім усур'ёз і нам было б цяжэй», — тлумачыць Валерый.

Сумы, якія плацяць гульцам нацзборнай па пляжным футболе, даволі сціплыя. Макарэвіч за паўстаўкі мае каля 300 рублёў.

«Яны не забяспечваюць патрэбы сям’і. Таму прыходзілася на чэмпіянат Расіі ездзіць, трэнерам працаваць (да нядаўняга часу ён рыхтаваў брамнікаў футбольнага клуба «Тарпеда». — «НН»)».

У іншых спартоўцаў таксама ёсць асноўная работа. Адзін у Газпраме працуе, другі будуе дарогі, трэці ў МНС ратуе людзей.

«Што будзе далей з гэтым відам спорту, я не ведаю. Бо, на мой погляд, трэба займацца развіццём у першую чаргу клубаў, а не зборнай. А клубы ў нас збіраюцца на чэмпіянат краіны, ён праводзіцца — і яны знікаюць літаральна за тры месяцы. Як халтура нейкая: прыйшлі, атрымалі грошы за этап, вось і ўвесь наш прафесіяналізм».

Валерыю 36. Па яго назіраннях, пляжны футбол — гэта сталы від спорту.

«Брамніку зборнай Італіі 36, зборнай Партугаліі — за 40. У асноўным гуляюць людзі за 30. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што хлопцы спрабуюць яшчэ дамагчыся нейкіх вынікаў у вялікім футболе, бо там усё ж такі большыя заробкі, і, калі не атрымоўваецца, прыходзяць у пляжны. Тут не глядзяць у пашпарт».

Перад матчамі брамнік заўсёды чытае сам сабе «Пагоню» Багдановіча.

«Мой кум сказаў, што наш гімн праспяваць бадзёра ніводзін спявак не возьмецца. Тое, што мы мірныя людзі, сілы гартуем… Выходзіць пасля на гульню — гэта значыць, мы згодныя на нічыю дакладна. Неяк гімн не натхняе на неверагодныя поспехі», — усміхаецца Валерый.

«Першыя шлюбы ў футбалістаў доўга не жывуць»

У сталіцу лідскі хлопец пераехаў яшчэ ў 16. Скончыў тут вучылішча алімпійскага рэзерву, гістфак БДУ.

«Але не буду казаць, што магу працаваць настаўнікам. Нейкія веды маю, але завочнае навучанне — гэта не тое. Калісьці мая настаўніца па вучылішчы алімпійскага рэзерву сказала, што «салавей кансерваторыю скончыў вочна, а верабей завочна, таму думайце, якую адукацыю атрымліваць».

Валерый з жонкай Ірынай і дзецьмі Мацвеем (3 гады) і Міраславай (6 гадоў). Для футбаліста гэта другі шлюб.

Валерый з жонкай Ірынай і дзецьмі Мацвеем (3 гады) і Міраславай (6 гадоў). Для футбаліста гэта другі шлюб.

Пасля кар’ера закідвала футбаліста то ў Смаргонь, то ў Магілёў. Канчаткова ў Мінск ён перабраўся ў 2011-м, калі сустрэў тады яшчэ будучую жонку Ірыну. Яна працуе цырульніцай у салоне прыгажосці.

«Чаму ў многіх футбалістаў жонкі або мадэлі, або неяк інакш звязаны са сферай прыгажосці?» — пытанне Валерыю.

«Ведаеце, я спецыяльна так не выбіраў, — усміхаецца ён. — Выпадкова сустрэліся ў кафэ, закруцілася. А першая жонка ў мяне была з галіны культуры, яна мастак. Такіх забабонаў у мяне няма, што абавязкова сфера прыгажосці, не. 

Зразумела, што нейкія патрэбы ў маладзейшых футбалістаў ёсць: яны хочуць, каб і фігура была, і іншае… Для мяне самае галоўнае, каб чалавек добры быў, сямейны.

І першыя шлюбы ў футбалістаў доўга не жывуць. Мне здаецца, што часта пары распадаюцца. Я не ведаю чаму. Напэўна — скажу за сябе, — праз тое, што мы былі маладыя і не падрыхтаваныя да сямейнага жыцця. 22, здаецца, мне было, калі першы раз ажаніўся».

«Сумленне не дазваляе выхоўваць дзяцей па-руску»

Беларускую мову Валерый ведае з дзяцінства — ад бабулі. Праўда, тады яму здавалася, што яна размаўляе па-польску. Але свядома футбаліст перайшоў на родную мову толькі ў 30.

«Знаёмства з кумам паўплывала, бо чалавек — вядомы спявак, Андрэй Усанаў, калісьці вакалістам у «Песнярах» быў. І на вяселлі, калі пачуў тост на чыстай беларускай мове, мяне гэта вельмі захапіла.

Размова з тымі людзьмі мяне ўразіла, я зразумеў, што недасканала ведаю беларускую мову, і няўтульна адчуваў сябе ў той кампаніі. Таму пачаў болей цікавіцца. І падзеі ва Украіне, якія адбыліся ў 2014 годзе, вельмі паўплывалі. Больш паглыбіўся ў гісторыю і зразумеў, што мы згубілі мову не проста так, што адбываецца мэтанакіраванае яе знішчэнне. Таму сумленне не дазваляе выхоўваць дзяцей па-руску».

У камандзе заставацца беларускамоўным не заўсёды атрымліваецца: ёсць цяжкасці са спартыўнай тэрміналогіяй. Дый трэнер — іспанец. Але з падачы Валерыя ўжо ведае «смачна есці», «дзякуй» і парачку іншых выразаў.

Спартовец згадвае, як яны аднойчы паехалі на спаборніцтвы ў Італію. Гаспадары гатэля паклапаціліся і пераклалі меню на беларускую мову. Але некаторыя гульцы ў ім не змаглі разабрацца, таму на наступны дзень прынеслі меню па-руску.

«Гэта мне настолькі не спадабалася: як мы ў вачах тых людзей выглядалі, што мы за нацыя? — не хавае пачуцці брамнік. — Я вырашыў, што мова як шчыт павінна быць у нацыі. Бо нас вылучае культура, мова, святы. Калі мы жывём у расейскай прасторы, становімся больш рускімі, чым беларусамі».

Мацвея і Міраславу ён аддаў у беларускамоўную групу ў садку. Аб’ездзіў паўгорада, пакуль знайшоў тое, што б задаволіла. Ад Святланы Міхайлаўны ў 503-м садку на Вясёлкавай дзеці ў захапленні.

Для Валерыя аддаць малечу ў групу на роднай мове было прынцыповым.

«Для дзяцей гэта як замежная мова, яны яе нідзе не чуюць: мульцікі ўсе па-расейску, кнігі па-расейску, канцэрты таксама. Калі не пачынаць самому размаўляць, калі не аддаваць у беларускамоўныя групкі, нічога не будзе. Я думаю, што школа гэтаму не навучыць — ужо позна, мы губляем час».

Калі няма спаборніцтваў, з Міраславай і Мацвеем тата праводзіць шмат часу. Глядзіць у інтэрнэце мульцікі ў перакладзе, ходзіць на прэм’еры «Кінаконга». Кніжкі таксама купляе на беларускай мове. У дзяцей любімая — «Маленькі прынц».

«Можа, яно і рана, але яны мяне заўсёды перад сном просяць прачытаць сцэну з ліхтаршчыкам, бо яна вельмі смешная. «Калядную кашу» чытаем, нейкія навуковыя кніжкі, каб дзеці новае даведваліся — напрыклад, адкуль бярэцца дождж.

З беларускіх пісьменнікаў я вывучыў на памяць верш Уладзіміра Дубоўкі, як сінячок да сонца лётаў, і кожную ноч перад сном ім чытаю. Дзве калыханкі на памяць ведаю. Міраславе спяваў «Доўгі дзень», а потым ужо, як з’явіўся Мацвейка, — калыханку «Песняроў» «Баю-баю, люлі-люлі». Цяпер спачатку адну спяваю, потым другую, потым «Сінячка» расказваю — і так мы засынаем», — дзеліцца Валерый.

А Міраслава паказае ў інтэрнэце, якія шарыкі яна выбрала на ялінку. Адзін — з Санта Клаўсам, другі — з «Пагоняй». Татава дачка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?