У Мінску другі дзень запар прайшла акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. 

Людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы на заклік Паўла Севярынца і яго паплечнікаў. Прайшоў нядоўгі мітынг, пасля чаго людзі рушылі вуліцамі Мінска пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Дэманстранты дайшлі да пасольства Расіі, каб перадаць рэзалюцыю мітынга. Будынак пасольства быў ачэплены амапаўцамі, таму Севярынец перадаў паперу праз міліцыянта.

Пасля калона вярнулася на Кастрычніцкую плошчу.

На момант пачатку дэманстрацыі назіральнікі налічылі больш за 600 удзельнікаў, а з улікам таго, што склад змяняўся, можна лічыць, што агулам удзел у акцыі ўзялі 700—900 чалавек. 

***

16:40

Развітальная песня. Акцыя скончылася. Дзякуй, што былі з намі!

16:35 

Падсумавальны мітынг на Кастрычніцкай. Да яе дайшлі некалькі сотняў чалавек.

Слова мае Сіўчык. Заклікае апазіцыю далучацца да наступных пратэстаў, звяртаецца і да дыяспары.

16:20

Яшчэ хвілін 10 — і людзі вернуцца на Кастрычніцкую плошчу, адкуль і сышлі тры з паловай гадзіны таму.

16:15

Дэманстранты дачакаліся канец калоны і сабраліся разам каля плошчы Свабоды.

15:55

Севярынец заклікае паскандзіраваць «Жыве Беларусь!» для жыхароў «дома Чыжа», у тым ліку і для Святланы Алексіевіч. У калоне застаецца каля 200 чалавек.

15:40

Калона рушыць па Старажоўскай вуліцы да Нямігі.

15:25

Павел Севярынец спадзяецца, што паспее скончыць акцыю на Кастрычніцкай плошчы да захаду сонца.

15:20

Спецназ у аўтобусах быў у поўным абмундзіраванні.

15:15

Частка дэманстрантаў на чале з Севярынцам вырашыла вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу, але многія разыходзяцца.

15:10

У момант «перамоваў» Севярынца з міліцыяй трансляцыю ў інтэрнэце глядзелі больш за 11 тысяч чалавек.

15:05

Расійскія дыпламаты не выйшлі да дэманстрантаў. Рэзалюцыю прыняў беларускі міліцыянт, старэйшы лейтэнант Зубок. «Я абавязкова перадам», — сказаў ён Севярынцу.

15:00

Кіраўніцтва мінскай міліцыі кажа, што перадасць прадстаўнікам расійскага пасольства просьбу выйсці да Севярынца.

14:50

Каля пасольства Расіі знаходзіцца кіраўніцтва сталічнай міліцыі. Падыходы да будынка перакрытыя ланцугом амапаўцаў.

14:40

На праспекце Машэрава кіроўца «Лексуса» прасігналіў дэманстрантам у знак падтрымкі. Праз 200 метраў яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і вырашылі аштрафаваць.

Пратаколы склалі і за падачу сігнала, і за адсутнасць тэхагляду. Хлопец патлумачыў, што прынцыпова не праходзіць яго.

14:25

Каля пасольства Расіі аўтазакі і шмат праваахоўнікаў.

14:10

Сіўчык кажа, што калона рушыць да пасольства Расіі. Арганізатары хочуць перадаць туды рэзалюцыю мітынга.

13:55

Севярынец давёў калону да крамы Symbal.by. Куды далей?

13:45

Калона ідзе няхутка, дэманстранты яшчэ толькі на скрыжаванні праспектаў Незалежнасці і Машэрава.

13:30

Галава калоны падыходзіць да Плошчы Перамогі, яе канец яшчэ толькі каля цырка.

13:10

Сотні чалавек рушаць па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі.

Новы лозунг: «Слава нацыі — ніякай інтэграцыі!»

Севярынец прапануе прайсці да праспекта Машэрава (былая Варвашэні), дзе раней была сядзіба БНФ, а пасля дабрацца да крамы Symbal.by.

13:00

Севярынец анансуе дэманстрацыю па вуліцах Мінска, але іншым маршрутам, чым было ўчора.

А тым часам адвыступалі Максім Вінярскі з «Еўрапейскай Беларусі» і Валянцін Троцкі, паплечнік Статкевіча. Слова ўзяў і Пятро Садоўскі, які быў паслом Беларусі ў Германіі ў 1990-я.

12:50

Мы, грамадзяне Беларусі, выказваем рашучы пратэст супраць глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Заяўляем аб нелігітымнасці дакументаў, якія могуць быць падпісаныя. Мы не будзем ім падпарадкоўвацца. Заклікаем міжнародную супольнасць праявіць салідарнасць. Беларускаму народу патрэбна вяртанне правоў і свабодаў, прапісаных у Канстытуцыі, у тым ліку права абіраць уладу. Свабоду не спыніць! Незалежнасць — гэта шлях да свабоды. Жыве Беларусь! — гэта кароткі змест рэзалюцыі, зачытанай Аленай Таўстой.

Удзельнікі пагадзіліся са зместам.

12:50

Сіўчык прапануе працягнуць пратэсты, калі адбудзецца наступная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна — у канцы снежня.

12:45

Па ацэнках карэспандэнтаў «НН», на плошчы больш за 500 дэманстрантаў.

А канапавых удзельнікаў у разы больш — відэа з цэнтра Мінска глядзяць каля 7500 чалавек.

12:40

«Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй!» — скандзіруе Севярынец.

І перадае слова Вячаславу Сіўчыку.

12:35

Міліцыянт, які папярэджвае пра незаконнасць сустрэчы, спрабуе прайсці з трыма памагатымі ў цывільным проста праз натоўп. Адзін раз, другі, трэці… Пачынаецца штурханіна. Нейкі ўдзельнік крычыць яму ўслед «Прэч».

А тым часам пісьменнік Уладзімір Арлоў зачытвае сваё славутае эсэ «Незалежнасць», напісанае ў 1990 годзе.

12:30

У акцыі прымае ўдзел каля 300 удзельнікаў. Спачатку яны паслухалі малітву ад святара Акуловіча, пасля слова ўзяў Севярынец.

12:25

Як і ўчора, Павел Севярынец вядзе людзей на прыступкі Палаца Рэспублікі.

12:15

Дзяўчына стаіць з плакатам «Прощай, немытая Россия». «Трэба хоць нешта зрабіць, а не проста пісаць каментары, што нічога не атрымаецца. Мне не ўсё адно», — кажа яна.

Людзі скандзіруюць «Жыве Беларусь!» і «Незалежнасць».

12:10

На плошчы каля 200 чалавек. Затое гледачоў стрымаў нашмат больш. У Радыё Свабода — больш за 3000, у «Белсата» — амаль 2000 чалавек. Плееры ўнізе гэтага артыкула.

12:05

Рэй вядзе Павел Севярынец, ён з мегафонам. Палітык расказаў, што мітынг пачнецца ў 12.30. Тады і раскажа пра далейшую праграму дзеянняў.

12:00

На Кастрычніцкай плошчы пакуль каля 50 чалавек.

***

У цэнтры Мінска праходзіць чарговая акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, арганізаваная Паўлам Севярынцам.

Папярэднія мітынг і дэманстрацыя адбыліся 7 снежня, напярэдадні перамоваў Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Пуціна. Сустрэча кіраўнікоў краін у выніку скончылася нічым.

Чытайце пра акцыю 7 снежня:

Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі ФОТАРЭПАРТАЖ Надзеі Бужан

Правакатар, якога затрымалі дэманстранты ў Мінску, ідэнтыфікаваны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?