Уладзімір Чудзянцоў.

Уладзімір Чудзянцоў.

Уладзіміру Чудзянцову прад'яўленыя абвінавачванні па частцы 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў», паведаміў Свабодзе адвакат журналіста Аляксандар Галіеў.

Таксама абвінавачванні выставілі па ч. 1 арт. 328-1 (Незаконнае перамяшчэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў).

У кватэры журналіста ў Мінску былі знойдзеныя 6,02 грама марыхуаны. Ад дачы паказанняў Чудзянцоў адмовіўся, ён застаецца пад вартай у СІЗА Берасця, знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тыдзень. Віны па выстаўленых абвінавачваннях Чудзянцоў не прызнае, піша Tut.by.

Паводле ч.1 арт. 328 КК РБ могуць пакараць абмежаваннем або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.

Паводле другога абвінавачання — да 7 гадоў са штрафам або без.

Пра затрыманне Уладзіміра Чудзянцова стала вядома 22 лістапада ад ягоных сяброў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, раніцай 21 лістапада Уладзімір Чудзянцоў выехаў з Мінска ў Варшаву. У Берасці ён меў перасесці на іншы цягнік. Затрыманне адбылося ўжо пасля адпраўлення цягніка з Берасця. Падчас памежнага мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Чудзянцова знялі з цягніка і даставілі ў міліцэйскі пастарунак, адкуль пазней перавялі ў СІЗА.

У панядзелак 25 лістапада стала вядома, што Уладзімір Чудзянцоў затрыманы на 2 месяцы. Афіцыйнае абвінавачанне яму было выстаўлена ў суботу, 30 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0