Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў правесці ўсеўкраінскі рэферэндум па пытанні аб магчымасці куплі-продажу зямлі замежнікамі і замежнымі кампаніямі, перадае «Украінская праўда».
У звароце, з якім ён выступіў у панядзелак, Зяленскі выказаўся ў падтрымку ўнесенага ў Вярхоўную раду законапраекта аб куплі-продажы зямлі. Ён заявіў, што цяпер, калі свабоднага рынку зямлі ва Украіне няма, грамадзяне краіны пазбаўлены права купляць зямлю, падобна грамадзянам Паўночнай Карэі, Таджыкістана і Венесуэлы. Па словах Зяленскага, супраць законапраекта выступаюць «старыя палітыкі». Пры гэтым прэзідэнт заявіў, што ў праект будуць унесены папраўкі і права валодаць, купляць і прадаваць зямлю будзе дадзена толькі грамадзянам Украіны. Замежнікі ж змогуць атрымаць яго толькі па выніках рэферэндуму.
Зяленскі таксама паабяцаў прыняць і закон аб рэферэндуме.
Уладзімір Зяленскі і яго партыя «Слуга народа» ішлі на выбары з абяцаннямі свабоднай куплі-продажу зямлі, а таксама пашырэння элементаў прамой дэмакратыі.
Вярхоўная Рада плануе разгледзець праект закона аб куплі-продажы зямлі ў аўторак, 12 лістапада.
Ва Украіне дзейнічае забарона на продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Яе прапануюць адмяніць. Землі дзяржаўнай і камунальнай уласнасці будуць рэалізоўвацца на таргах.