Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд апеляцыйны пратэст на прысуд анархісту Змітру Паліенку, вынесены 25 кастрычніка суддзёй Мінгарсуда Пятром Арловым. Тады суд хоць і прызнаў былога палітвязня вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, але вызваліў яго з-пад варты, прызначыўшы пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі — 3 гады «хатняй хіміі», ды яшчэ і зьняў 1 год па амністыі. Раней пракурор Аляксандар Кароль прасіў ад суду для Зьмітра Паліенкі 6 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму, але прапаноўваў ужыць да яго амністыю і зменшыць пакаранне да 5 гадоў, піша Радыё Свабода.

У апэляцыйным пратэсьце ў Вярхоўны суд, які падпісаў той жа пракурор Аляксандар Кароль, ён зноў просіць для Паліенкі 5 гадоў строгага рэжыму (6 гадоў мінус год па амністыі). Паводле пракурора, Менгарсуд не ўстанавіў акалічнасьцяў, якія б зьмякчалі віну абвінавачанага Зьмітра Паліенкі, і прысуд яму «не адпавядае цяжкасьці злачынства і асобе абвінавачанага з прычыны мяккасьці».

Зьміцер Паліенка гэтак пракамэнтаваў апэляцыйны пратэст, унесены Генпракуратурай у Вярхоўны суд:

«Мяркую, яны гэта зрабілі з фармальных прычын, толькі каб прадэманстраваць, што нібыта не пагаджаюцца з судом. Але рашэньне адносна мяне было цалкам палітычнае. Гэта рашэнне не суда, а ўлады. Таму мяркую, што іншага прысуду мне не будзе», — сказаў Зьміцер Паліенка.

Напярэдадні Зміцер Паліенка таксама абскардзіў вынесены яму прысуд. Актывіст настойвае, што цалкам не вінаваты, і патрабуе апраўдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0