Пра тое, якія памылкі рабілі мінчукі падчас перапісу насельніцтва, распавяла намесніца старшыні Белстата Жанна Васілеўская, перадаюць «Мінск-Навіны».
Вялікі ажыятаж выклікала пытанне пра ідэнтыфікацыйны нумар, а менавіта што гэта такое. На другім месцы — праблема ўваходу ў сістэму.
Пры ўваходзе людзі часта рабілі памылку ў запаўненні даных. Часцей за ўсё блыталі літару «о» і нуль.
Таксама звярталіся з пытаннем, як пасля таго, як перапісаліся самі, перапісаць і сваіх бацькоў на свае ідэнтыфікацыйныя нумары і асабістыя нумары мабільных. Даводзілася тлумачыць, што сістэма ідэнтыфікуе чалавека па яго асабістым нумары і нумары тэлефона, які пакінулі ў банку. У адваротным выпадку чалавек не зможа ўзяць удзел у перапісе.
Часта пыталіся пра тое, што такое хатняя гаспадарка. А яшчэ адным з самых папулярных было пытанне: «Калі перапісаў сябе і ўсіх членаў сям'і праз інтэрнэт, ці трэба гэтым людзям перапісвацца яшчэ асобна?».
Часта чалавек перапісваўся ў інтэрнэце, пры гэтым не пазначыўшы жонку/мужа і дзяцей. Каб даведацца, што рабіць у гэтым выпадку, таксама даведваліся па тэлефоне гарачай лініі.