44-гадовы жыхар Светлагорска і яго 16-гадовы сын былі затрыманыя, калі яны рабілі закладкі недалёка ад аднаго з гаражных кааператываў у Гомелі, паведамляе абласная міліцыя.

Бацька з сынам працавалі рознічнымі кур'ерамі інтэрнэт-крамы па продажы псіхатропаў.

20 кастрычніка позна ўвечары яны былі затрыманыя байцамі Гомельскага АМАПа і аператыўнікамі. Для пошуку закладак выкарыстоўвалася аўчарка Смайл з вайсковай часці 5525 унутраных войскаў.

У выніку агляду месца здарэння выяўлена і канфіскавана 30 скруткаў з рэчывам агульнай вагой больш за 15 грам. Паводле заключэння эксперта парашок змяшчае асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва Альфа-PVP і параметылэфедрон. Таксама канфіскаваныя металічныя лыжкі, фасовачныя пакеты, ізаляцыйную стужку, электронныя шалі, пальчаткі, рэспіратары.

Падчас далейшай праверкі ўдалося ўстанавіць і іншыя месцы закладак, але ўжо на тэрыторыі вобласці. У схованках было канфіскавана больш за 60 закладак агульнай вагой амаль 53 грама альфа-PVP.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0