25 кастрычніка суд Савецкага раёна Мінска вынес прыгавор Генадзю Зубараву, былому кіраўніку Банкаўскага працэсінгавага цэнтра. Яго судзілі ўжо трэці раз, піша tut.by

Суд прызнаў былога гендырэктара вінаватым па ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэксу — за крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. На гэтым працэсе яго абвінавачвалі ў завалоданні сродкамі цэнтра на 450 тысяч рублёў.

У выніку, шляхам частковага складання пакарання па гэтым прысудзе з двума папярэднімі выйшла наступнае:

«Канчаткова прызначана 8 з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. А таксама з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў», — паведамілі TUT.BY у судзе Савецкага раёна Мінска.

На рахунку экс-кіраўніка гэта ўжо трэцяе пакаранне. У лютым 2018-га яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за хабар на 2 млн 262 тысячы еўра, 265 тысяч даляраў і яшчэ 408 тысяч даляраў, плюс крадзяжы больш за 400 тысяч рублёў з рахункаў цэнтра. Фігурант прызнаў віну цалкам.

А ў маі 2018-га яго судзілі зноў, за хабар у 120 тысяч даляраў і крадзяжы. Зубараў прызнаў віну і ў гэтым, і тады шляхам частковага складання пакаранняў па двух прысудах тэрмін павялічыўся да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0