Здарэнне ледзь не здарылася каля вёскі Дамашкавічы Докшыцкага раёна. Жонка пажылога мужчыны заявіла пра знікненне мужа ў пошукава-выратавальны атрад «Анёл». Жанчына сказала, што муж пайшоў у грыбы ў 09.15 і да вечара не вярнуўся, піша kraj.by
Валанцёры «Анёла» у сацыяльных сетках у 21.05 апублікавалі арыенціроўку і сталі рыхтавацца да начных пошукаў.
Каардынатар «Анёла. Віцебск» Святлана Пушнякова распавяла:
— Быў абвешчаны тэрміновы збор добраахвотнікаў і транспарту. Шэсць валанцёраў у Віцебску сабраліся на выезд у Докшыцкі раён у 22.00. З Мінска выязджаў атрад з 20 чалавек. Мы рыхтаваліся шукаць пенсіянера ўсю ноч. Узялі з сабой ліхтары, ежу, непрамакальныя вопратку і абутак. Калі мы ўжо былі ў дарозе, а да месца прызначэння заставалася 97 кіламетраў, каля 23.30 мне патэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі і паведамілі, што жыхар Дамашкавічаў знайшоўся.
Па словах Святланы Пушняковай, пенсіянер самастойна выйшаў з лесу зусім з іншага боку, прыкладна за 10 кіламетраў ад сваёй вёскі і ад таго месца, дзе ўваходзіў у лес раніцай. Яго заўважылі супрацоўнікі міліцыі, якія праязджалі міма.
Пажылы мужчына, даведаўшыся, што абвешчаны ў вышук, вельмі здзівіўся:
- Я проста гуляў па лесе. Навошта вы ўсё турбаваліся?
Пенсіянер пасля 14-гадзіннай прагулкі адчуваў сябе добра і ў медыцынскай дапамозе не меў патрэбы.