Фота Сяргея Гудзіліна. 

Фота Сяргея Гудзіліна. 

Цэнтр новых ідэй апублікаваў 13 верасня пілотны Індэкс беларускай будучыні, створаны на падставе апытання беларускіх экспертаў. Ідэя індэкса ў тым, каб паказаць, што нашая будучыня не абстрактная — яе фармуюць канкрэтныя паказнікі, ад якіх залежыць, наколькі паспяховай будзе Беларусь.

У пілотнай версіі індэкса мы абралі 20 такіх індыкатараў, як рост эканомікі, стан карупцыі, абарона правоў меншасцяў, устойлівасць ідэнтычнасці і гэтак далей. На жаль, па большасці з іх Беларусь будзе дэградаваць альбо стагніраваць (болей пра метады і вынікі індэкса можна прачытаць тут).

У апытанні мы не маглі ахапіць усе магчымыя сферы, да таго ж складана ацаніць важнасць кожнага паказніка, але ёсць тры рэчы, якія вылучаюцца. Дэградацыя Беларусі ў гэтых сферах будзе мець доўгатэрміновыя наступствы.

Колькасць насельніцтва

Лічба жыхароў Беларусі змяншаецца ўжо даўно, але, магчыма, менавіта цяпер адбываецца самы балючы пераход, прынамсі з дзвюх прычынаў.

Па-першае, адбываецца змена ў дэмаграфічнай нагрузцы — прапорцыі людзей у працаздольным узросце адносна людзей старэйшых ці маладзейшых за іх. Яшчэ дзесяцігоддзе таму на тысячу працаздольных беларусаў прыпадала 616 непрацаздольных, а ў 2017-м годзе прыпадаў 751.

Па-другое, беларусы і так мала нараджаюць, але малалікае пакаленне, народжанае ў 1990-х, нават пад прымусам не ў стане нарадзіць столькі, колькі ранейшыя пакаленні. Таму будзе толькі горш — усё менш працаздольных людзей будуць вымушаныя цягнуць эканоміку і сістэму сацыяльнай абароны на сваіх плячах.

Колькасць заявак на патэнты

За ўсе гады незалежнасці ў Беларусі не падавалася так мала заявак на патэнты, як у апошнія гады. Можна спрачацца пра якасць і сэнс заявак, істотныя культурныя і юрыдычныя адрозненні, якія ўплываюць на працэдуру падачы на патэнт у розных краінах. Але, па сутнасці, беларуская навука ўжо не ў стане прадукаваць дастаткова новых ідэй. Калі ацаніць памер выдаткаў на даследаванні і распрацоўкі, то нескладана ўявіць, як будзе далей развівацца гэтая тэндэнцыя.

У Беларусі доўгі час верылі, што мы, як «зборачны цэх» Савецкага Саюза, маем сур’ёзны навуковы патэнцыял. На жаль, ужо не, і цяпер пытанне палягае не ў тым, наколькі мы здольныя ствараць новыя тэхналогіі, а ў тым, наколькі мы ў стане іх пераймаць.

Знешняя запазычанасць

Калі гаварыць пра самы імаверны сцэнар развіцця беларускай эканомікі, то сярод экспертаў ёсць пэўны кансэнсус. Паводле адмыслоўцаў, эканоміка Беларусі будзе расці, будуць павялічвацца і заробкі, хоць і павольна. Роля Расіі ў экспарце паступова змяншацца, і ён наагул будзе паволі дыверсіфікавацца. Нядрэнна, хоць магло б быць яшчэ лепей.

Адзінай выразнай праблемай Беларусі з’яўляюцца запазычанасці. Нават у многіх заходніх краін ёсць вялікія даўгі, але нашы перспектывы горшыя: наш доўг дарагі, мы моцна залежым ад вонкавага фінансавання і ў найбліжэйшыя гады нас чакаюць вялікія выплаты па доўгу. У выпадку многіх праблемаў у нас можа быць не так і шмат шляхоў выйсця. Нам застанецца адно — набраць яшчэ больш даўгоў, абцяжарыўшы гэтак эканоміку на пакаленне наперад.

Калі Вас цікавіць дыскусія пра будучыню Беларусі, то, калі ласка, глядзіце Індэкс беларускай будучыні па спасылцы і пакідайце каментары пад гэтым артыкулам — аўтары індэкса цягам найбліжэйшых некалькіх дзён будуць на іх адказваць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?