«Кантэкст сустрэчы Пуціна і Байдэна фарміраваўся ўзмацненнем пазіцый Кітая. Для Байдэна стаяла задача не дапусціць альянсу Пекіна і Масквы. Для Пуціна — вытаргаваць манеўр для сябе для захавання роўнааддаленасці Расіі ад Кітая. Для гэтага яшчэ да сустрэчы Вашынгтон пагадзіўся на падпісанне дамовы аб абмежаванні ядзерных узбраенняў і на рэалізацыю праекта «Паўночны паток — 2». Цяпер жа Вашынгтон пайшоў далей і зрабіў Маскве яшчэ некалькі базавых прапаноў», — піша Пятро Пятроўскі, эксперт лукашэнкаўскага аб'яднання «Белая Русь».

У ліку прапаноў ён назваў інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва ў Арктыцы, салідарнасць па іранскай ядзернай угодзе і сумеснае забеспячэнне бяспекі ў Афганістане на фоне вываду кантынгенту войскаў краін НАТА.

«Вашынгтон пагадзіўся на прыярытэтнасць выканання Мінскіх пагадненняў аб Данбасе, што дэманструе рэверанс у бок Масквы. Байдэн таксама агучыў магчымасці аднаўлення амерыканскіх інвестыцый у Расію, што ўскосна кажа пра перспектывы змякчэння санкцыйнага рэжыму пры выкананні пэўных умоў. І, напэўна, самы галоўны адпраўны пункт — вяртанне паслоў дзвюх краін. Думаю, што найбліжэйшым часам будзе адбывацца аднаўленне штату двух дыппрадстаўніцтваў. Сюды ж адносіцца і дамоўленасць аб абмене зняволенымі», — піша Пятро Пятроўскі.

«Цікавы для Мінска кейс — недапушчэнне мілітарызацыі краін НАТА ўздоўж мяжы Саюзнай дзяржавы калі і абмяркоўвалася, то пладоў, мабыць, не прынесла», — кажа Пятроўскі.

Гаворачы пра значэнне перамоваў Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна для Беларусі, палітолаг выказаў меркаванне, што для Беларусі якраз важным выступае спалучэнне інтарэсаў Масквы і Пекіна ў Мінску, недапушчэнне іх супрацьпастаўлення.

«Абмеркаванне беларускага кейса, калі зыходзіць з прамовы Байдэна і тлумачэнняў Пяскова, мае супрацьлеглае бачанне ў Маскве і Вашынгтоне. Але, думаю, абодва бакі будуць настойваць на больш хуткай амністыі асуджаных, якая да заканчэння ўсіх следчых спраў і правядзення канстытуцыйнай рэформы для Мінска бачыцца непажаданай», — мяркуе Пятроўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0