Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі па арт. 24.3 КаАП. Увечары чатырох жанчын, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, выпусцілі з пратаколамі да суда, а астатніх перавялі на Акрэсціна.

Чытайце таксама: «Праз 10 хвілін пасля пачатку прыйшлі сілавікі». Што адбылося на спектаклі з удзелам Зарэцкай

17 чэрвеня справы гледачоў спектакля разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёна. Справы 34-гадовага Мікіты Раманкіна і 25-гадовай Аліі Саед разглядзеў суддзя Аляксандр Петраш. Ён арыштаваў мінчукоў на 15 сутак кожнага.

Справу 48-гадовай Святланы Мяшчанінавай разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк. Жанчыну, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што «на тэрыторыі РУУСа каля 19:40 Святлана аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі». Па словах Святланы, Аксана Зарэцкая запрасіла яе на сяброўскую сустрэчу для прагляду спектакля, у якім у яе адбыўся дэбют у якасці актрысы. Жанчына патлумачыла, што «прыйшла каля 18:30 на вуліцу Рэвалюцыйную і чакала пачатку пастановы, але, як толькі на маніторы ўключыўся спектакль, адразу прыйшлі мужчыны ў цывільным і паставілі ўсіх тварам да сцяны». Мяшчанінава сцвярджае, што добраахвотна прайшла за супрацоўнікамі і ніхто з затрыманых непадпарадкаванне супрацоўнікам не аказваў. Яна звярнула ўвагу суддзі, што супрацоўнікі здымалі ўсё на відэа, якое магло б пацвердзіць яе словы.

Суддзя Дзмітрый Карсюк пакараў Мяшчанінаву 15-сутачным арыштам.

Чакаецца суд над яшчэ адным затрыманым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0