Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Інстытута эканомікі і міру, які аналізуе сітуацыю ў 163 дзяржавах, дзе пражывае 99,7% насельніцтва планеты.

У даследаванні ўлічваюцца такія фактары, як узровень згуртаванасці грамадства, захаванне правоў чалавека, палітычная і эканамічная стабільнасць, колькасць зняволеных у турмах, узровень тэрарыстычнай пагрозы, абаронныя выдаткі і ўдзел той ці іншай краіны ў баявых дзеяннях.

Беларусь прадэманстравала другое самае рэзкае зніжэнне ў рэйтынгу ў свеце, страціўшы ў параўнанні з мінулым годам 0,183 бала (8,7%). Гэта апусціла краіну на 117-е месца. Больш індэкс міралюбнасці ўпаў толькі ў Буркіна-Фасо (-0,254, або 11%). Афрыканская краіна ідзе ў новым даследаванні на 134-м месцы.

«Значнае зніжэнне рэйтынгу Беларусі адбылося пад уплывам чатырох асноўных фактараў: пагаршэнне ўзроўню палітычнай стабільнасці, павелічэнне колькасці дэманстрацый з ужываннем сілы, узмацненне ўнутранага канфлікту і пагаршэнне стасункаў з іншымі краінамі», — распавёў у размове з ТАСС намеснік дырэктара ў навукова-даследчай працы Томас Морган.

Пазіцыя Расіі ў рэйтынгу не змянілася ў параўнанні з мінулым годам. Краіна ўваходзіць у апошнюю дзясятку спісу, займаючы 154-ы радок з 163. Складальнікі рэйтынгу тлумачаць гэта «высокім узроўнем мілітарызацыі».

Самай міралюбнай краінай свету ў рэйтынгу застаецца Ісландыя. За ёй у першай дзясятцы ідуць Новая Зеландыя, Данія, Партугалія, Славенія, Аўстрыя, Швейцарыя, Ірландыя, Чэхія і Канада. Апошняя, 163-я, пазіцыя засталася за Афганістанам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0