«Было гэта падчас майго знаходжання ў адной з найгоршых камер Валадаркі — №62, якая знаходзіцца ў канцы глухога падвала (гэтую частку корпуса за яго выгляд і перанаселенасць называюць «шанхаем»). Муры гэтай маленечкай 8-мясцовай цямніцы пакрытыя грыбком і цвіллю. Праз тыдзень знаходжання тамака пачынаецца кашаль, чырванее і хрыпіць горла, — напісаў у сябе ў фэйсбуку Алег Корбан, палітвязень, які на закрытым судзе нечакана атрымаў абмежаванне волі, а не тэрмін у калоніі. — Вільгаць адольвае кнігі і сшыткі, паступова псуюцца многія рэчы.

Пастаянныя насельнікі камеры — спрытныя мышы і пацукі, там яны бегаюць нават днём, а ўначы шарахцяць у торбах з ежай, грызуць макароны і кашы, чайнае лісце. У адну ноч з дапамогай пастак, выпрашаных у рэжымнікаў, сукамернікі злавілі 7 мышэй, але ад гэтага іх менш не стала.

Што да праходу паміж нарамі, то ён катастрафічна вузкі — усяго 75 см, месцаў для хаджэння і тым больш для фізічных практыкаванняў няма. Увогуле, умовы там не самыя камфортныя…

Дзіўна, але нават ва ўмовах такой дзікасці ў адным зняволеным грамадзяніне праявілася вельмі знаёмая асаблівасць характару, уласцівая некаторым жыхарам нашай дзяржавы. Гэтая рыса нагадвае класічнае рабалепства, тую самую «памяркоўнасць», «маю хату з краю». Хлопца зваць Саша, яму 34 гады, фігурант крыміналкі па 328 артыкуле КК (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў). На ўсе прапановы з нашага боку пісаць скаргі і ўносіць на абыходзе вусныя просьбы па рашэнні антысанітарнага стану «хаты», спынення затрымак і блакады лістоў з свабоды, ён рэагаваў адмоўна. Такія ідэі каментаваў меркаваннямі тыпу «лепш нічога не пісаць, а то стане горш», «а раптам перавядуць у іншыя «хаты», дзе праблем будзе яшчэ больш?». Але куды яшчэ горш? Здаецца, у гэтай турме горшых умоў проста не знайсці.

На шчасце, наша грамадства багата людзьмі зусім іншага жыццёвага ўкладу. Такім у 62-й камеры быў адзін вядомы юрыст. Як выявілася, ён ужо не раз пісаў звароты і просьбы аб паляпшэнні ўмоў утрымання, трымаў галадоўку, змяшчаўся на чацвёра сутак у турму турмы — халодны і змрочны карцар. Але гэта не зламала ягонага духу, ён не стаў чакаць, калі адміністрацыя СІЗА нарэшце праявіць клопат і чалавечнасць, ён пісаў новыя і новыя звароты. І вось нечакана для ўсіх праблема стала вырашацца! Спярша прынеслі новы шуфлік для прыбірання. А праз пару дзён усіх нас нечакана перасялілі ў іншую камеру «шанхая» — прастарнейшую, дзе нядаўна рабілі рамонт, дзе высокія столі і трохузроўневыя нары.

Тут не было такога патоку мышэй (з гэтага боку турмы жывуць і нясуць службу каты), з жыўнасці толькі прусакі. І яшчэ ў новай «хаце» не было гнілі.

Адбылося гэта пры канцы снежня, і таму новы 2021 год мы сустракалі ўжо ў больш камфортных умовах. Цікава: наш пераезд — гэта выпадковасць? Ці ўсё ж вада камень точыць?!

P.S. Імя гэтага самага юрыста — Максім Знак. Асабіста для мяне стала зразумела, чаму ў яго такая сур'ёзная падтрымка ў адвакацкіх колах, а яшчэ — чаму ў свой час яго студэнты надзялілі статусам «Найлепшага выкладчыка». Ён і тут дапамагаў шматлікім зняволеным у напісанні розных хадайніцтваў па іх справах, тлумачыў важныя прававыя нюансы і г. д. І ніколі не губляў добрага настрою — нават у дзень вынясення яму абсурдных абвінавачванняў па дадатковых крымінальных справах. Тады Максім вярнуўся ў камеру ў бадзёрым настроі, з усё той жа непахіснай верай у перамогу праўды і справядлівасці!» — распавядае Алег Корбан.

Чытайце таксама:

Палітвязень Алег Корбан нечакана выйшаў на свабоду — на закрытым судзе яму прысудзілі хімію

Палітвязень Алег Корбан пасля нечаканага вызвалення: Я цяпер не буду ўдзельнічаць у грамадскім жыцці

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0