Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што заклікі да эканамічных санкцый, якія гучаць ад апанентаў улады з'яўляюцца вялікай небяспекай для дзяржаўнасці Беларусі, піша Tut.by.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

— Гэтыя заклікі да эканамічных санкцый у маім разуменні не проста вялікае глупства — гэта вялікая небяспека для дзяржаўнасці Беларусі ў цэлым. І калі хто-небудзь думае, што гэта прынясе карысць, то ён глыбока памыляецца. Вядома ж, мы будзем размаўляць з нашымі заходнімі партнёрамі ў гэтым плане. Мне здаецца, там існуе больш разумення адносна таго, ці варта ісці на падобныя меры — на ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі. Але хачу сказаць: калі хто-небудзь хоча пажару ў гэтым рэгіёне, то мы, вядома ж, знойдзем, чым адказаць ініцыятарам падобнага роду крокаў. І вось тады ўжо будзе горача і вакол Беларусі, скажам так, — заявіў Макей у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», стэнаграма якога апублікавана на сайце МЗС.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства запэўніў, што сёння абмяркоўваюцца меры ў адказ Беларусі на гэтыя крокі.

— Калі, спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але калі камусьці захочацца распачаць такога кшталту крокі, то ў нас ёсць дастатковы набор сродкаў, які дазволіць нам адэкватна адрэагаваць на магчымыя эканамічныя рэстрыктыўныя меры ў дачыненні да Беларусі.

Гэта і мэтазгоднасць і перспектывы нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім саюзам па пытаннях атамнай энергетыкі, па агульнай барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, з трансгранічнай злачыннасцю, з кантрабандай наркотыкаў і гэтак далей таму падобнае.

Мы зараз працуем над дакументам у мытнай сферы, дзе маецца таксама шэраг адчувальных пытанняў. Трэба паглядзець на гэта. Паглядзім на шэраг праграм у гуманітарнай сферы, які рэалізуецца тут замежнымі дзяржавамі і няўрадавымі арганізацыямі, і шэраг адукацыйных праграм. У цэлым набор сродкаў і метадаў досыць вялікі, але нам не хацелася б, яшчэ раз падкрэслю, звяртацца да гэтага. Спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа, і ні ў каго не з'явіцца жаданне выбудоўваць новыя берлінскія сцены ў дадзенай сітуацыі — - сказаў Макей.

Міністр нагадаў, што на пачатковым этапе апазіцыя і сябры Каардынацыйнай рады казалі пра тое, што выступаюць за ўзмацненне жорсткасці персанальных санкцый, але ні ў якай меры не за эканамічныя санкцыі.

— Да гэтага казалі, што паспрабуюць зрабіць так, каб не было дрэнна народу, звычайнаму чалавеку. Сёння ўжо пра гэты народ і звычайнага чалавека пачынаюць паступова забываць — адзначыў Макей.

Да гэтага часу ў Еўрасаюзе падкрэслівалі, што не хочуць уводзіць эканамічныя санкцыі, каб не нанесці шкоду шараговым беларусам і народнай гаспадарцы краіны. Аднак жорсткасць беларускіх уладаў па адносінах да пратэстоўцаў і гібель Рамана Бандарэнкі заахвоцілі ЕС змяніць свой падыход.

Цяпер абмяркоўваюцца кропкавыя санкцыі супраць канкрэтных беларускіх кампаній, так званых спонсараў дзейнага рэжыму. Еўрапейскім кампаніям і фізічным асобам будзе забаронена мець сувязі з беларускімі фірмамі з «чорнага» спісу. З імі нельга будзе ні гандляваць, ні заключаць здзелкі, ні інвеставаць у іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0