Навукоўцы Прынстанскага ўніверсітэта, Універсітэта Джонса Хопкінса і Каліфарнійскага ўніверсітэта высветлілі, што ў распаўсюдзе каранавіруса ва ўсім свеце вялікую ролю адыгралі дзеці і моладзь, якія складаюць толькі невялікі працэнт сярод тых, хто заразіўся. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Science, піша РБК.

Даследнікі прааналізавалі 85 тыс. выпадкаў заражэння COVID-19 сярод 575 тыс. чалавек у двух штатах на паўднёвым усходзе Індыі. Яны высветлілі, што сярод інфікаваных 71% у выніку нікога не заразіў, у той час як 8% хворых выклікалі 60% новых выпадкаў заражэння.

Галоўнымі распаўсюджвальнікамі каранавіруса навукоўцы назвалі дзяцей і маладых людзей, на долю якіх прыпадае траціна разгледжаных выпадкаў COVID-19.

«Дзеці — вельмі эфектыўныя перадатчыкі ў гэтай абстаноўцы, што не было ясна даказана ў папярэдніх даследаваннях. Мы выявілі, што выпадкі заражэння і смерці [ад каранавіруса] аказаліся больш сканцэнтраваныя ў больш маладых групах, чым мы чакалі, калі засноўваліся на назіраннях у краінах з больш высокімі даходамі», — сказаў вядучы даследнік, старшы навуковы супрацоўнік Прынстанскага інстытута навакольнага асяроддзя Раманан Лакшмі-Нараян.

Даследнікі таксама высветлілі, што ва ўсіх узроставых групах самы высокі шанец заразіцца каранавірусам быў ад чалавека свайго ўзросту. Сярод дзяцей і моладзі гэты рызыка аказалася самай вялікай.

Дзеці не ўваходзяць у групу рызыкі па COVID-19 і часцей за ўсё лёгка пераносяць захворванне. У той жа час вірус у іх арганізме затрымліваецца на большы час, чым у дарослых, і дзеці даўжэй застаюцца разносчыкамі COVID-19.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0