Сеткавае выданне «Медуза» зрабіла расследаванне аб распрацоўцы праграмы для вызначэння асобы сілавікоў, якія працуюць на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі. Пра існаванне такога софту распавядаў беларускі распрацоўшчык Андрэй Максімаў у ютуб-роліку на сваім канале (ролік набраў ужо больш за 1 млн праглядаў). 

Ён заявіў, што алгарытм здольны распазнаць твар чалавека, які ўдзельнічае ў задушэнні пратэстаў, нават калі ён схаваны за маскай, фуражкай або балаклавай. У роліку было паказана, як працуе гэтая праграма. 

Максімаў распавёў «Медузе», што распрацоўкай софту для распазнання асоб «ён займаецца ў складзе нефармальнай групы ІТ-спецыялістаў». Гэта ў асноўным беларусы, якія пражываюць у ЗША. «Плюс некалькі замежнікаў дапамагаюць. Першыя некалькі тыдняў, калі пачаўся ўвесь гэты кашмар, я проста збіраў грошы і адсылаў іх туды для падтрымкі людзей, але хутка стала зразумела, што трэба рабіць нешта большае — і прыйшла ідэя заняцца вось такім лічбавым актывізмам». 

«Медуза» звярнула ўвагу на тое, што сілавікі, якіх «распазнае» праграма на роліку Максімава, ужо былі дэанамізаваныя ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі архіў». Максімаў прызнаўся, што некаторыя прыклады дэананімізацыі, прыведзеныя ў роліку, — гэта не вынік працы сістэмы распазнання, а простае запазычанне з тэлеграм-канала, а алгарытм пакуль не гатовы.

«Мы не збіраліся так хутка паказваць свой праект, але з-за раптоўнай інаўгурацыі [Лукашэнкі] і з-за эскалацыі ўзроўню гвалту перад намі ўстаў няпросты выбар — і ён быў зроблены на карысць таго, каб у спешным парадку прадэманстраваць тое, што ў нас ёсць. Нам захацелася паставіць сілавікоў на ўлік — даць ім зразумець, што ўсе тэхналогіі, якія патрэбныя, каб іх ідэнтыфікаваць, існуюць і што з часам іх поўная ідэнтыфікацыя непазбежная».

Андрэй Максімаў — беларускі распрацоўшчык гульняў, цяпер ён жыве ў Каліфорніі. Сваю кар'еру ён пачынаў 3D-мастаком у беларускім офісе Wargaming, а пасля пераезду ў Лос-Анджэлес уладкаваўся ў кампанію Naughty Dog, дзе хутка вырас да арт-дырэктара і працаваў над Uncharted і The Last of Us — дзвюма галоўнымі франшызамі кампаніі.

Распазнаннем твараў Максімаў раней не займаўся, апошні яго праект — гэта інструмент Promethean AI для стварэння 3D-кантэнту ў гульнях пры дапамозе штучнага інтэлекту. Праграма распазнае галасавыя каманды і візуалізуе тое, што ёй кажа мастак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?