Чытач пад нікам «Слаўгарадчанін» даслаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» ліст, у якім скардзіцца на разгул крадзяжоў з аўтамабіляў і на бяздзейнасць міліцыі адносна такіх выпадкаў.

«Добры дзень, паважаная рэдакцыя «Нашай Нівы»!

У горадзе Слаўгарад за ноч з панядзелка на аўторак у 13 аўтаўладальнікаў знялі з аўтамабіляў колы. Можа гэта і не такая ўжо рэдкая навіна, але для мястэчка з насельніцтвам дзесьці ў 8000 чалавек і са складам міліцыі колькасцю 150 чалавек (магу памыляцца, але не нашмат) — гэта, пагадзіцеся, дзівосы. Можа Вы дапаможаце расплюшчыць людзям вочы на той факт, што міліцыя, якую мы кормім і апранаем, займаецца папросту — нічым, бо крадзяжы з аўтамабіляў здзяйсняюцца рэгулярна, а вінаватых знайсці не могуць. Ім прасцей калгасніка зацягнуць у аддзел і скласці пратакол, што ён без флікера ішоў з працы познім вечарам і пайсці з пачуццем выкананага доўгу спаць да раніцы, а не сапраўды свой ​​хлеб адпрацоўваць», — напісаў чытач.

Міліцыя Слаўгарада пацвердзіла «Нашай Ніве», што крадзяжы былі, яле не ў такіх маштабах.

«Крадзяжы былі здзейсненыя з двух аўтамабіляў. Дакладней, з аднаго аўтамабіля знялі колы, а з яшчэ аднаго — аўдыёмагнітолу», — сказаў першы намеснік старшыні Слаўгарадскага РУУС Іван Ламачэнка.

Ламачэнка таксама заўпэўніў, што сітуацыя з крадзяжамі з аўтамабіляў у Слаўгарадзе не горшая за сітуацыю па ўсёй рэспубліцы: апошні інцыдэнт тут адбыўся ў лютым, калі з аўтамабіля скралі магнітолу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?