ДТЗ, якое адбылося ў Мінску ўвечары 14 лістапада на праспекце Жукава, складана назваць незвычайным, калі б не цялесныя пашкоджанні, якія атрымаў меркаваны вінаваты, кіроўца аўтамабіля Mercedes ML 350 з нумарамі 7-га рэгіёну.
Пра аварыю паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе ДАІ Маскоўскага раёна Любоў Трапашка.

«Гэта адбылося каля 17.00 на праспекце Жукава, — расказала Любоў Трапашка. — Кіроўца аўтобуса № 101, калі ад’ехаў ад прыпынку на 300 метраў, адчуў моцны ўдар у заднюю частку свайго транспартнага сродку. Спыніўшыся, ён выйшаў і ўбачыў Mercedes ML 350 з моцнымі пашкоджаннямі пярэдняй часткі. У аўтамабілі знаходзіўся мужчына, на выгляд — прыкладна 40 гадоў, які трымаўся рукамі за твар. Як аказалася крыху пазней, ён разламаў зубамі руль».

Паводле звестак Трапашкі, «драўляны руль Mercedes трэснуў, на ім бачныя сляды зубоў ўдзельніка аварыі». А сутыкненне магло адбыцца з-за страты кантролю кіроўцы, які цалкам мог заснуць. Куды і колькі ён ехаў, высвятляе ДАІ. Кіроўца быў у шоку, не разумеў, дзе знаходзіцца і што з ім здарылася. Не выключана, што ў яго пералом сківіцы і ЧМТ.

Быў у ДТЗ і яшчэ адзін пацярпелы. Пасажыр аўтобуса — жанчына — атрымала моцны ўдар спіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0