Канец кастрычніка прынёс першы снег. Месцамі зафіксаваныя рэкорды — у Віцебскай вобласці, напрыклад, 31 кастрычніка назіралася рэкордная за ўсе гады метэаназіранняў вышыня снегу — да 26 см.

Ранні пачатак зімы з першым снегам і галалёдам спрыяе ўсплёску аварыйнасці на дарогах, адзначаюць у ДАІ.

Так, за мінулую пятніцу і выхадныя, калі ў Беларусі значна пагоршылася надвор’е, было зафіксавана 1315 ДТЗ з матэрыяльнай шкодай. У 81 аварыі загінулі 19 чалавек, 89 былі параненыя.

Сайт Дзяржаўтаінспекцыі ў чарговы раз нагадвае пра некаторыя правілы, якія неабходна ўлічваць пры кіраванні аўто ўзімку.

Перш за ўсё, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі, — абавязкова паклапаціцеся аб зімовай гуме для свайго аўтамабіля. Гэта значна палепшыць кіраванне аўтамабілем ва ўмовах слізкай дарогі і дапаможа скараціць тармазны шлях.

Ва ўмовах абмежаванай бачнасці (а ў тумане і падчас снегу асабліва!), кіруючыся ўсталяванымі знакамі, выбірайце бяспечную хуткасць руху з улікам стану праезнай часткі і бачнасці ў напрамку руху, пазбягайце рэзкіх тармажэнняў, асабліва на закругленні дарогі, павялічце дыстанцыю і бакавы інтэрвал руху , адмоўцеся ад абгонаў, будзьце вельмі ўважлівымі пры праездзе скрыжаванняў і пешаходных пераходаў.

На слізкай дарозе аддавайце перавагу паніжаным перадачам. Пры гэтым аўтамабілем лягчэй кіраваць на спусках, пад'ёмах і ў плыні машын. Ён больш паслухмяны і дынамічны. Толькі не забывайце, што пры яздзе нават на невялікай хуткасці галалёд не даруе рэзкасці ў рухах ні пры пераключэнні перадач, ні пры разгоне, ні пры манеўраванні.

На слізкай дарозе лепш наогул не карыстацца тармазамі. Рэзкае, а часам, нават плаўнае тармажэнне прыводзіць да блакавання колаў і непазбежнага юзу або заносу. Тармазіць пры неабходнасці трэба імпульсна, адпускаючы тормаз пры самым малым намёку на слізгаценне. Дарэчы, менавіта гэты прынцып закладзены ў аснову працы антыблакіровачнай сістэмы тармазоў.

Асабліва небяспечны галалёд на мастах, эстакадах, высокіх насыпах, а таксама на пад'ездах да прыпынкаў грамадскага транспарту, скрыжаваннях і пераходах. Лёд тут утвараецца нярэдка нават тады, калі яго няма на астатніх участках дарогі. Памятаеце, тармазіць на такіх участках вельмі небяспечна! Загадзя зніжайце хуткасць.

Пры любым запаволенні руху (рухавіком або тармазамі) папярэдзьце пра свае намеры кіроўцаў, што едуць за вамі, злёгку крануўшы некалькі разоў педаль тормазу нагой, не тармозячы, а толькі ўключаючы стоп-сігнал. Інакш менавіта зімой вельмі верагодна, што вас удараць ззаду.

І апошняе, самае галоўнае. Усе тыя цяжкасці, з якімі вы сутыкаецеся на зімовай дарозе, адчуваюць і іншыя кіроўцы. Паспрабуйце ставіцца да іх з павагай і разуменнем.

Відэа з рэгістратара, зробленае кіроўцам 27 кастрычніка па дарозе са Старых Дарог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?