Богу ўсё можна

«Вера Кіргегара ў Бога ня ведала межаў. Ён змог зразумець Бога ня толькі як таго, хто ўсё можа, але як і таго, каму ўсё можна. Таму любі Бога і не губляй веры ў Яго — «нават калі раструшчыцца ўвесь сьвет і расплавяцца ўсе элемэнты, ты павінен верыць». Кіркегар жорстка крытыкаваў афіцыйную царкву за тое, што ў ёй нічога не засталося ад сапраўднага хрысьціянства. Сёньня не хапае «свайго Кіркегара» Расейскай праваслаўнай царкве, асабліва ў Беларусі».

Няма прарока ў сваім часе

«Да Кіркегара эўрапейская філязофія не зьвяртала ўвагі на прыватнага чалавека, займаючыся — за выняткам Сакрата — унівэрсальнымі складнікамі сьвету. Кіркегар быў першы, хто заклаў падваліны філязофіі «ўласна чалавека» (пазьней яе назавуць экзыстэнцыялізмам).

Цікава, што на «дацкага Сакрата» забыліся амаль адразу пасьля яго сьмерці. У біяграфічным слоўніку філёзафаў, выдадзеным у 1879 г. у Капэнгагене, не падалі імя свайго самага знакамітага філёзафа. І толькі на пачатку ХХ ст. нямецкія інтэлектуалы зьвярнулі ўвагу на творчасьць Кіркегара, якога цяпер увесь свет вызнае за «бацьку» экзыстэнцыялізму».

Беларус для Кіркегара

«Бадай, толькі адзін «беларус» мог стаць цалкам адэкватным «пэрсанажам Кіркегара» — Фёдар Дастаеўскі (і сам, і ягоныя героі). Дый тое таму, што ў ім нічога не засталося тыпова беларускага.

Мы — анталягічны народ. Мы — зямля, камень, дрэва… Дрэва дзе вырасла, там і стаіць. І толькі хіліцца пад бурай у той ці іншы бок. Канчэўскі стварыў цудоўную мэтафару беларускага кону — «адвечны шлях», — якую можна чытаць па-рознаму. У мяне свой варыянт: беларускі кон — гэта шлях бяз руху па шляху».

Роспач робіць чалавека чалавекам

«Паводле Кіркегара, шчасьлівы, задаволены сабой і жыцьцём чалавек — гэта толькі «балванка» чалавека. Такімі «балванчыкамі» былі Адам і Ева ў Эдэме. І толькі калі Бог выгнаў іх у рэальнае жыцьцё зь яго бедамі і нястачамі, яны спакваля пачалі рабіцца людзьмі. Страх, роспач, адчай — тыя станы, празь якія чалавек можа адшукаць у сабе сапраўднага чалавека. Таму, калі пагадзіцца з Кіркегаравымі крытэрамі, у беларусаў куды болей падстаў лічыць сябе «чалавекамі», чым у самазадаволеных заходнеэўрапейцаў ці амэрыканцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?