У сувязі са зменай мажарытарнага акцыянера ЗАТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белтэх Холдынг», які валодае кантрольным пакетам акцый у ЗАТ «Белтэхэкспарт», адбыліся структурныя змяненні ва ўпраўленні ЗАТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белтэх Холдынг» і ЗАТ «Белтэхэкспарт». Пра гэта паведамляецца на сайце «Белтэхэкспарту».

Па ініцыятыве новага акцыянера ў ЗАТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белтэх Холдынг» распушчаны Савет дырэктараў і адбылася змена дырэктара і галоўнага бухгалтара.

Па ініцыятыве новага акцыянера ў ЗАТ «Белтэхэкспарт» сфарміраваны новы склад Савета дырэктараў, які ўзначаліў асабіста Дзмітрый Гурыновіч, заменены галоўны бухгалтар і начальнік юрыдычнага ўпраўлення.

Нагадаем, у пачатку чэрвеня кампанія ЗАТ «Белтэхэкспарт» пацвердзіла інфармацыю аб змене ўладальніка кантрольнага пакета акцый групы кампаній ЗАТ «Кіруючая кампанія «Белтэх Холдынг», у якую ўваходзіць ЗАТ «Белтэхэкспарт». «Уладальнікам кантрольнага пакета акцый групы кампаній стаў расійскі бізнесмен, выпускнік Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ Гурыновіч Дзмітрый Фёдаравіч. Пефціеў Уладзімір Паўлавіч наогул спыніў свой удзел у дзейнасці ўказанай групы кампаній», — гаварылася ў афіцыйным паведамленні.

У ім адзначалася, што «гэта здзелка ажыццёўлена ў межах інтэграцыі Расіі і Беларусі ў галіне ВТС (ВТС — ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. — БелаПАН.) і сведчыць пра ўзмацненне адкрытасці дзвюх краін, а таксама ўсяляе ўпэўненасць у тым, што ЗАТ „Белтэхэкспарт“ выйдзе на прынцыпова новыя пазіцыі на сусветным рынку».

Інфармацыя пра здзелку з’явілася ў СМІ 30 мая, аднак тады каментаваць яе ў «Белтэхэкспарце» адмовіліся. 31 мая продаж пацвердзіў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Раман Галоўчанка. Пры гэтым ён адзначыў, што «Белтэхэкспарт» не ўваходзіць у структуру Дзяржкамваенпрама, а таму камітэт, хоць і каардынуе яго дзейнасць у частцы ажыццяўлення знешняй гандлёвай дзейнасці, на кіраўніцкія пытанні не ўплывае.

20 чэрвеня 2011 года Савет ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс беларускіх грамадзян і кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, уключыўшы ў яго ў тым ліку Уладзіміра Пефціева і тры кампаніі — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі». У дакументах ЕС Пефціеў значыцца як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй, галоўны эканамічны саветнік прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня савета акцыянераў „Белтэхэкспарта“, буйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў».

Санкцыі ў дачыненні да названых кампаній былі ўведзеныя на падставе таго, што ўсе яны «падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву». Пефціеву забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а яго рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны. Яго кампаніям забаронена весці бізнес на тэрыторыі краін ЕС. Гэта рашэнне Пефціеў аспрэчвае ў судзе Еўрасаюза, куды 12 жніўня накіраваў іск.

Паводле меркавання экспертаў, здзелка мае на мэце вывядзенне кампаніі з-пад дзеяння санкцый Еўрапейскага саюза, аднак для гэтага неабходна не толькі змена ўласніка, але і вялікія змяненні ўнутры структуры. Не выключаецца і змена назвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?