Міністр культуры Беларусі Павел Латушка раскрытыкаваў працу нацыянальных музеяў, у тым ліку Нацыянальнага мастацкага.

«Аналіз выканання колькаснага паказчыка наведвання музеяў вызначыў недахопы, якія сёння ёсць у асобных музеяў. Высветлілася, што для дасягнення выканання паказчыка колькасць бясплатных наведванняў складае амаль палову колькасці наведвальнікаў», — сказаў Латушка, выступаючы 8 лютага на калегіі Міністэрства культуры.

Паводле слоў міністра, ён з разуменнем ставіцца да такой сітуацыі ў выпадку, напрыклад, з музеем Брэсцкай крэпасці, палова з 340 тысяч наведвальнікаў якога прыпадае на ўдзельнікаў мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку.

Але паказчык Нацыянальнага мастацкага музея — 97 тысяч платных наведвальнікаў — «пры тых плошчах, якія выкарыстоўвае вядучы музей краіны», Латушку «проста незразумелы».
Гэта лічба меншая за паказчыкі гомельскага, гродзенскага і брэсцкага абласных музеяў, падкрэсліў кіраўнік Мінкультуры.

Латушка звярнуў увагу на тое, што ў 2011 годзе нацыянальныя музеі, «якія захоўваюць найбуйнейшыя ў краіне зборы калекцый», не паказалі ніводнага выставачнага праекта ў суседніх краінах, апрача ўдзелу асобнымі работамі ў адным праекце Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?