Жонку і нявестку палітвязня Каваленкі затрымалі за ўлёткі ў яго падтрымку 11
Зусім як у вершы Геніюш: «Калі цябе, мілы, Радзіма пакліча За родны змагацца парог…»
Шчымлівая гісторыя адбылася ў Віцебску. Жанчын затрымалі каля 21-й гадзіны.
Разам з Аленай Каваленка у Першамайскі РАУС трапіла яе нявестка Крысціна — жонка роднага брата палітвязня.
Брат Віталь Каваленка апавёў, што абедзвюх затрымалі за распаўсюд улётак з інфармацыяй пра палітвязня Сяргея, які знаходзіцца пад арыштам у СІЗА:
«Гэта ўлёткі, на якіх выява ёлкі з бел-чырвона-белым сцягам на вершаліне, які 7 студзеня 2010 году павесіў Сяргей. Там ёсць і ягоны партрэт, і звесткі пра тое, што ён знаходзіцца ў зняволенні, што з 19 снежня трымае галадоўку пратэсту супраць крымінальнага абвінавачання і што яго прымусова кормяць праз зонд. Напісана там таксама, што сям’ю Сяргея, дзе выхоўваюцца двое малых дзяцей, пакінулі бяз сродкаў да існавання».
Улёткі ў падтрымку Сяргея Каваленкі ў Віцебску з’яўляюцца не ўпершыню.
У прыватнасці, 12 студзеня, каля сябра КХП-БНФ судзілі паводле адміністрацыйнага абвінавачання, за распаўсюд улётак з запрашэннем на судовы працэс быў затрыманы грамадзянін Пятро Іваноў. Але ў пратаколе затрымання запісаная іншая прычына: нібыта гэты чалавек «нецэнзурна выражаўся».
Каваленку вінавацяць у парушэнні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй яліне.
У Каваленкі двое дзяцей, а жонка сядзіць удома з паўгадовай дачкой.
Сям’ю забяспечваў Сяргей Каваленка, які працаваў будаўніком як прыватны прадпрымальнік.