Члены міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі, бо беларускія ўлады шмат разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі тутака) заяўляюць пра павышаны інтарэс да арганізацыі і яе лідараў з боку спецслужбаў. Пра гэта яны паведамілі 9 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел актывісты «Маладога фронту», затрыманыя ў Мінску 19 снежня 2011 года, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Паводле слоў прадстаўнікоў «Маладога фронту»,

у ЦІП да іх прыходзілі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі і схілялі да супрацоўніцтва.

Так, Міхаіл Мускі паведаміў, што да яго шэсць разоў прыходзілі людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ. «Яны прапаноўвалі мне назваць нумары грантаў, якія нібыта атрымлівае МФ, прапаноўвалі падпісаць паперу аб невыдаванні, пагражалі тым, што ў камеру ўварвуцца «маскі-шоу» (супрацоўнікі міліцыі ў масках) і мяне паб’юць. Тым не менш я на кожную прапанову адказваў адмовай. Наступстваў пакуль не было», — сказаў Мускі.

Аналагічную гісторыю расказаў Павел Сяргей. Да яго таксама прыходзілі людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ, патрабавалі інфармацыю пра «Малады фронт», пагражалі адлічэннем з вучобы і тым, што ў адваротным выпадку яго паб’юць. Аднак Сяргей адмовіўся адказваць на іх пытанні.

Паводле слоў Дзмітрыя Крымянецкага, яго пра дзейнасць «Маладога фронту» і пра кіраўніцтва арганізацыі таксама ў ЦІП распытвалі людзі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. «Яны казалі, што могуць арганізаваць мне службу ў арміі. На што ў адказ ім сказаў, што ў арміі я ўжо адслужыў.

Яны пачалі націскаць на сямейнае становішча — што ў маёй маці будуць праблемы на працы.
Я ім адказаў, што маці выходзіць на пенсію. Яны заявілі, што паклічуць АМАП.
Я сказаў: «Клічце». На гэтым усё скончылася», — расказаў Крымянецкі.

Былы палітвязень Уладзімір Яроменак адзначыў, што пасля яго арышту да яго таксама прыходзілі ў ЦІП людзі, якія называлі сябе супрацоўнікамі КДБ. «Мне казалі, што я знаходжуся пад прафілактычным наглядам.

І лёгка магу пайсці адбываць пакаранне ў турму, калі не пагаджуся на супрацоўніцтва. Мяне гэта не спалохала.
Аднак пасля выхаду з ЦІП я даведаўся, што мяне адлічылі з БДУІР, нягледзячы на тое што ў мяне не было ніякіх завінавачанасцяў па здачы залікаў ці экзаменаў», — сказаў Яроменак.

Раман Васільеў адзначыў, што за адмову ад супрацоўніцтва, якое яму таксама прапаноўвалі нібыта супрацоўнікі КДБ у ЦІП, ён пазбавіўся працы. «Мне таксама пагражалі насіллем.

«Мы зараз выйдзем, а сюды зойдзе АМАП», — гаварылі гэтыя людзі. Я ім заявіў: «Хай заходзяць». А пасля яны прыйшлі да мяне і сказалі, што АМАП не прыехаў»,
 — паведаміў Васільеў. Тым не менш у будаўнічай фірме, у якой працаваў актывіст, адміністрацыйны арышт яму залічылі як прагул. «Мне сказалі: або я звальняюся па ўласным жаданні, або ў працоўнай кніжцы гэтыя дні будуць залічаны як прагул. Я аддаў перавагу па ўласным жаданні», — сказаў Васільеў.

Як заявіў адзін з лідараў «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, такая цікавасць да дзейнасці арганізацыі і націск на яе актывістаў сведчаць аб тым, што ўлады рыхтуюць судовы працэс у адносінах да людзей, якія маюць дачыненне да «Маладога фронту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?