Выкліканы да начальніка лесапункту пасьля алёшчынскіх праймэрыз, ужо на парозе я пачуў кароткі вырак: «У лес!» У Малым Сітне адпраўкай на лесапавал ганаруюць тых, хто праштрафіўся, надэбашырыў ці раззлаваў начальства. «У лес» — праца аўтаматычна падаўжаецца на гадзіну-паўтары, бо да дзялянкі колькідзесят кілямэтраў. «У лес» — значыць, заробак ніжэйшы, а ўмовы цяжэйшыя. «У лес» — значыць, зусім бяз сувязі (у Алёшчу бацькі яшчэ маглі датэлефанавацца, а тут навокал гушчары, дый да мяне на працу наўрад хто дабярэцца).

Лесапавал — скрозь у радыюсе 60 км ад Сітна. За месяц-другі тут узьнікае чарговая плеш, усеяная вываратамі ды раструшчаным суччам. Лес высякаюць па-барбарску, зьбіраючы толькі спраўную драўніну, прыдатную на экспарт сырым кругляком. Вялізная маса танкамеру, які ў Эўропе выкарыстоўваюць да апошняга сучка, застаецца гніць у лесе або спальваецца.

Лес валяць па 4—5 чалавек. Пільшчык з бэнзапілой падпільвае дрэвы, вальшчык з 4-мэтровай вілкай піхае, каб падалі, куды трэба, сукаруб зь сякерай парадкуе сучча, а трактарыст чапляе й тралюе пачку ў 10—12 ствалоў у гарадок (расчышчаная ў лесе пляцоўка), дзе сківічнік (машына зь вялізнымі клешнямі) грузіць іх на лесавозы.

Працуюць у касках. Галоўная небясьпека — сукі, што завісаюць на дрэвах: парыў ветру можа шпурнуць такую піку з вышыні 20 м і забіць напавал. Часам няўдала кладзецца дрэва (асабліва калі валяць у канадзкі спосаб, з эфэктам даміно) — тады не ўратуе і каска. Трэба пільнавацца і ля тралёвачнага трактара: іншы раз папярочны хлыст у 10—15 м, падцягваны ў пачку за трос лябёдкай, упрэцца ў пень і з трэскам, як гіганцкі бізун, выпісвае ў паветры самыя нечаканыя траекторыі.

У працы сукаруба няма нічога складанага. Цярэбіш направа ды налева сучча даўгой сякераю, стараесься цераз ствол, каб ня трапіць выпадкам сабе па назе, беражэш вочы ад пырскаў трэсак, абсякаеш верхавіны. Калі трактар валачэ апрацаваныя хлысты прэч, таўсьцейшыя сукі ды верхавіны ўкладваеш упоперак каляінаў (утвараецца волак — своеасаблівая гаць, каб на балацявінах, дзе застаўся прамысловы лес, трактар не праваліўся), а драбнейшыя зносіш у вогнішчы ды паліш.

На абедзенным перапынку лесарубы ідуць у будку — вагончык на колах, дзе топіцца буржуйка. Нават дзьве брыгады разам у будцы не зьмяшчаюцца — таму абедаюць пазьменна. Першая й другая стравы ў алюміневых бітонах зь леспрамгасаўскай сталоўкі ранкам загружаюць у вахтоўку — разаграецца на буржуйцы; хлеб з салам, гарбату й да гарбаты трэба браць самім.

У Сітна вахтоўка вяртаецца паміж пятай і шостай вечара. Час пасьля вячэры — 3,5—4 гадзіны да адбою — гэта ўсё, што застаецца на адпісваньне лістоў, працу над кнігай, чытаньне, тэленавіны, палітыку, Біблію. Раз-пораз адчуваю сябе маленькай трэскай, што далекавата адляцела з-пад сякеры найлепшага сябра ўсіх беларускіх лесарубаў. Што ж, за Сталіна тое, чым мы займаемся, калісьці каштавала людзям 25 гадоў бяз права перапіскі, ды на Калыме, а то й расстрэлу ў Курапатах. А цяпер... Бог дасьць — прарвёмся.

Але каб лесапавалы Беларусі за бліжэйшыя 5 гадоў не ператварыліся ў ГУЛАГ або каб перад наступнай прэзыдэнцкай кампаніяй дысыдэнтаў не павысылалі ў далёкія ўладаньні нашчадка беларускіх магнатаў Абрамовіча пісаць чарговы таежны раман Беларусі з Расеяй — 19 сакавіка мы мусім абавязкова перамагаць.

Малое Сітна

Павал Севярынец — у 1998—2004 лідэр незарэгістра-ванага «Маладога фронту». Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?