Як бярэш у рукі часопіс, адразу адчуваеш сябе пакрыўджаным. Адпаведна выходным зьвесткам, заснавальнік «Планеты» — ААТ «Белтрансгаз», большасьць акцый якога належыць дзяржаве, а яна ў нас, быццам, народная. І мяне як прадстаўніка народу гэта трошкі абразіла: з аднаго боку, прэзыдэнт кажа, што яму няма чым карміць 35 000 сірот, а з другога на 14 старонках перадрукоўваецца дваццатым кеглем пад загалоўкам «Праўда» выступ кіраўніка дзяржавы ў ААН. 14 старонак на крэйдаванай паперы! Хапіла б і адной, а зэканомленых на астатніх грошай — дакладна на тое, каб набыць ста сіротам новае паліто на зіму.

Дзякуй богу, што знаёмы прасьвяціў: «Планета» — выданьне, якое нельга набыць. Яно распаўсюджваецца выключна па лініі аддзелаў, якія займаюцца пытаньнямі ідэалёгіі.

Савецкія аналягі — «Политинформатор и агитатор» або «Вопросы мира и социализма» — выходзілі на паперы сярэдняй паршывасьці, аднак бралі бездакорнай лягічнасьцю дактрыны марксізму-ленінізму.

«Планета» бярэ іншым. Пачну з таго, што зь Янчэўскага, былога бонзы БРСМ, сапраўды выйшаў цікавы журналіст. Больш арыгінальнай рэдактарскай канцэпцыі я ў жыцьці ня бачыў. У часопісе адсутнічае традыцыйны для структуры такіх пэрыядычных выданьняў падзел матэрыялаў на рэдакцыйныя артыкулы, тэмы нумару, рубрыкі, камэнтары, лісты чытачоў…

Калі прааналізаваць два нумары «Планеты», жнівеньскі і верасьнёўскі, можна заўважыць, што ў часопісу ёсьць усяго адна сталая рубрыка: «Месяц у гісторыі» — каляндар гістарычных датаў і датаў нараджэньня, мовай часопісу, сымбаляў. Напрыклад, «сымбаль сэксуальна-палітычнага скандалу» (Біл Клінтан) нарадзіўся 19 жніўня. 30 жніўня 1954 г., як вы здагадаліся, нарадзіўся «сымбаль народнага прэзыдэнта».

Усе астатнія палосы «Планеты» — канвэер вялікіх артыкулаў палітытычна-публіцыстычнага характару. Цікава, што ўсе яны ананімныя. У №4 (жнівень 2005) не падпісаны ніводзін артыкул. У пятым падпісана два, адзін зь якіх — «Прэзыдэнт. Жыцьцё і сьмерць Сальвадора Альендэ» — належыць пяру самога рэдактара. Ой, Усевалад, дарма ты хацеў пакрасавацца перад чытачом як знаўца лацінска-амэрыканскай гісторыі. Значную частку публіцыстычнага шэдэўру — слова ў слова — чамусьці можна лёгка згрузіць з «Referat.ru». Цяжка ўявіць, як сацыяльна-рыначныя камісары могуць з дапамогай «Планеты» несьці ў масы словы лукашэнкаўскай праўды.

Калі чалавек не хварэе на дыхатамію мозгу, ён наўрад ці зразумее, у чым корань сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі. Аднак павагай да яе ўсё роўна прасякнецца. Бо ідэалёгія, можа, і супярэчлівая, затое якая ў «Планеты» папера!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?