За летні перыяд лядовае пакрыццё Арктыкі зменшылася да рэкорднай адзнакі — 4,24 млн кв. км, што на 26 тыс. кв. км менш за папярэдні антырэкорд, пастаўлены ў верасні 2007 года.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе групы экспертаў з амерыканскага Цэнтра вывучэння лядовай абстаноўкі і снежнага покрыва, паведамляюць інфармагенцтвы.

Асабліва моцна скарацілася плошча шматгадовых льдоў. Калі ў 1983 годзе пасля летніх месяцаў у Арктыцы захоўвалася да 30% плошчы шматгадовых льдоў, то ў гэтым сезоне — усяго 5%. Замест іх утворыцца тонкі і нетрывалы малады лёд.

Пры гэтым, што яшчэ больш сумна, сёння лёд наогул перастаў фармавацца. У час экспедыцыі 2007 года навукоўцы адзначалі тонкі лёд, напрыклад, у моры Лапцевых, але гэтым разам спецыялісты нідзе не адзначылі фармавання новага лёду.

Раставанне марскога лёду больш не можа тлумачыцца натуральнымі зменамі надвор’я. Кліматычныя мадэлі паказваюць, што скарачэнне хутчэй за ўсё звязанае з антрапагенным глабальным пацяпленнем.

Яго прыкметы найбольш прыкметна праяўляюцца менавіта ў Арктыцы, бо калі паверхні пакрытыя снегам або лёдам, яны добра адлюстроўваюць сонечнае выпраменьванне, але пры найменшым раставанні з’яўляецца мутная вада, якая паглынае цяпло, у разы павялічваючы эфект глабальнага пацяплення.

Глабальнае пацяпленне лічыцца самым сур’ёзным сведчаннем узрослага ўплыву чалавечай дзейнасці на кліматычныя сістэмы ў апошнія дзесяцігоддзі. Нядаўна Міжнароднае энергетычнае агенцтва паведаміла, што рост канцэнтрацыі ў атмасферы вуглякіслага газу, які выклікае парніковы эфект, значна паскорыўся. Пагаршэнне сітуацыі з так званымі парніковымі газамі прывяло да таго, што мінулы год быў прызнаны экспертамі Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША самым гарачым за ўсю гісторыю метэаназіранняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?