Зняволены Дзмітрый Бандарэнка заклікае ратаваць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які таксама знаходзіцца ў няволі. Пра гэта ён піша ў лісце былой даверанай асобе Саннікава па Магілёўскай вобласці Віктару Болдзіну.

«Ён у іх — костка ў горле», — гаворыцца ў лісце, які перадаў у распараджэнне БелаПАН адрасат. Кіраўнік выбарчай кампаніі Саннікава Бандарэнка адзначае, што «гэтыя дні быў у пастаяннай трывозе за яго, пасля таго як адзін таварыш па тэлевізары заявіў, што мы па просьбе ЕС палепшым ім (палітзэкам) умовы ўтрымання. Гэта прагучала вельмі злавесна».

Знаходзячыся ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15, Бандарэнка зазначае, што стан яго здароўя не зведаў значных зменаў.

«Правая нага на тым жа ўзроўні, што і да аперацыі, праўда, перастала балець левая. Аддае боль у правую руку»,
 — піша палітык.

Ён мяркуе, што яго і іншых палітзняволеных «да Новага года (як мінімум) пратрымаюць». «Проста не ведаюць, як з намі абысціся. І прыдушыць хочацца, і ў «цэнтры Еўропы», — піша Бандарэнка.

«Доўга так працягвацца не будзе. Людзі не быдла. У беларусаў прачнецца самапавага. Думаю, што неабходнасць перамен востра разумеюць і многія людзі ва ўладзе. Спадзяемся і набліжаем лепшае», — гаворыцца ў лісце Бандарэнкі.

Палітык таксама выказвае падзяку за шматлікія віншаванні з днём нараджэння, атрыманыя, у прыватнасці, і ад першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, а таксама перадае прывітанне «ўсім разумным і актыўным людзям».

Ліст Дзмітрыя Бандарэнкі датаваны 29 верасня. Паводле паштовага штампа, у Магілёў ён прыйшоў 5 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?