Але ў міліцыі не паверылі правакатару, які сцвярджаў, што Алесь-Францішак Мышкевіч пляскаў у ладкі.

Алесь, раскажыце, калі ласка, што здарылася з вамі ўвечары?

Алесь-Францішак Мышкевіч: «Атрымалася камедыйнная сітуацыя. Накшталт такой, калі на вуліцы падыходзяць і хочуць да цябе дакалупацца. Пасля канцэрта ўчора ў «Графіці» падыйшоў чалавек і просіць — зайграй мне песню. Я кажу: «Я не граю, я не ў рэстаране, я не буду тут гэтага рабіць». Ну, карацей, ён падыходзіў разоў шэсць, а потым пытаецца: «А чаму ты па-беларуску? Ты што, з БНФ, ці што?» Ну, тут я разумею, чаго чалавек хоча і чаго дапытваецца. Я кажу: «Слухай, калі ты яшчэ раз да мяне падыйдзеш — стукну». Ну, ён падыйшоў, так здарылася, што я яго, мякка кажучы, піхнуў, але гэтага было дастаткова, каб прыехала міліцыя. Мяне проста ўзялі і павезлі. Я ззаду, ў гэтай будцы, а ён спераду. Ён едзе і ім распавядае: «Вось ён ходзіць, пляскае, а я за вас, я ваш, вы ведаеце, дзе я працую?» І паказвае паперку з Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Прыехалі мы на месца, і ў нас пачалі пытацца, у чым справа. Дык вось, хочацца мне сёння распавесці пра тое, што ёсць людзі, якія на любой працы застаюцца людзьмі. Што мы ўсё ж такі адзіны народ і адзін аднаго павінны разумець. Я маю на ўвазе, напрыклад, беларускамоўнага чалавека і прадстаўніка міліцыі. Адбылося такое: ён прыязжае і пачынае распавядаць нейкае глупства, як я хаджу ў далоні пляскаць. Міліцыянт у яго пытаеца: «А ты што, актывіст партыі якой ці што?» Ён кажа: «Не». А міліцыянт у адказ: «Слухай, ты што, мазгі свае адпіў?»

Дык гэта быў супрацоўнік КДБ, праз якога цябе затрымалі?

Алесь-Францішак Мышкевіч: «Не, я не думаю, што гэта супрацоўнік КДБ. Ён малады чалавек. Ён мне проста казаў, чым і зачапіў: усе твае бел-чырвона-белыя даўно сядзяць у Літве, у Вільні, п’юць піўко без цябе, і што ты тут робіш?». На мяне вось так. І міліцыянту кажа: «Я за вас, за вас». А міліцыянт яму: «Ты будзеш пісаць заяву пра пабоі ці што?» Той кажа: «Не, ён мяне канешне за справу стукнуў». А той яму: «Дык ты зусім мазгі адпіў, што ты гаворыш?» А той кажа: «Дык ён ходзіць у далоні пляскаць!»

То бок, чалавек у сераду ўвечары ў клубе «Графіці» спрабаваў упэўніць міліцыянтаў у тым, каб вас затрымалі за тое, што вы пляскаеце на «маўклівых» акцыях?

Алесь-Францішак Мышкевіч: «Натуральна! А міліцыянт — яго Анатолій клічуць, у Цэнтральным РАУС, яму кажа: „Хочаш, я цябе ў камеру пасажу на суткі да зэкаў, цябе там і пляскаць навучаць і ўсё на свеце“. Дык ён замоўк, а пасля і кажа: „А цяпер я буду супраць вас“. То бок, такі чалавек няўрымслівы — ні ў той бок ні ў той. Усе пачалі смяяцца, кажуць — усё, прыбірайце яго. Яго павялі, мяркую, што ў камеру ці куды там. А мне сказалі: „Ну вы, Аляксандр Мікалаевіч, калі, прабачце, навоз бачыце, вы рукі суеце?“ Я кажу: „Не!“ — Ну дык, а чаго ж вы зараз сунулі?»

Яны пазналі вас? Вы з гітарай былі?

Алесь-Францішак Мышкевіч: «Так, я з канцэрта ішоў. Працоўная кніжка мая ў рэстаране „Госці“, я ішоў туды падрыхтавацца да заўтрашняй працы, гітару і рэчы пакінуць там».

Значыць уражанні ў вас засталіся станоўчыя ад праваахоўных органаў, якія разабраліся з сітуацыяй?

Алесь-Францішак Мышкевіч: «Ведаеце, мне проста дзіўна было. Ну, як дзіўна… У наш час у мяне такі недавер да органаў і да ўсяго, але проста разумееш, што ёсць людзі і мы яшчэ адзін народ. І не патрэбна нас раздзяляць, як, напрыклад, раздзяляў гэты чалавек, які штурхаў мяне ўчора. Я лічу, што ўсе — адзін народ, і тыя, і трэція, і пятыя, няма іншых людзей. Ва ўсіх свае погляды, і чалавек павінен быць свабодным».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?