Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў з заявай, у якой асуджае прысуды былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі і гаворыць пра новыя санкцыі Злучаных Штатаў супраць беларускіх прадпрыемстваў.

Тэкст заявы:

«Я рашуча асуджаю судовыя выракі і пакараньні кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі Ўладзімеру Някляеву, Андрэю Саньнікаву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу. Злучаныя Штаты ўважаюць гэтых кандыдатаў і іншых сьмелых актывістаў і кандыдатаў, якія былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў сувязі з разгонам 19 сьнежня, за палітычных вязьняў.

Іх суды былі яўна палітычна матываванымі і не адпавядалі самым мінімальным стандартам, якія патрабуюцца ад сумленных і незалежных судовых інстанцыяў, што стала вялікім крокам назад для дэмакратыі ў Беларусі. Мы вітаем шырокі міжнародны кансэнсус што да асуджэньня прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і ўраду Беларусі ў гэтым пытаньні.

У адпаведнасьці з нашымі каштоўнасьцямі і прынцыпамі, урад ЗША ўвядзе новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, у дадатак да санкцыяў, візавых абмежаваньняў і замарожваньня актываў, абвешчаных 31 студзеня. Гэтыя захады накіраваныя супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасьці Аляксандра Лукашэнкі, і не накіраваныя супраць народу Беларусі. Мы каардынуем свае дзеяньні зь іншымі ўрадамі, заклапочанымі гэтым пытаньнем, каб праз ужываньне гнуткіх міжнародных санкцыяў прывесьці да адказнасьці беларускіх урадоўцаў, адказных за рэпрэсіўныя дзеяньні. Мы таксама павялічылі нашую дапамогу ў падтрымку дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Мы далучаемся да Эўрапейскага Зьвязу і нашых іншых саюзьнікаў і партнэраў у падтрымцы надзеяў беларускага народу на сучаснае, дэмакратычнае і заможнае грамадзтва ў межах Эўропы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?