Васіль Якавенка ў «ЛіМе» апублікаваў артыкул, у якім выказаў прэтэнзіі да працы кіраўніка СБП.

«Не, гэта ўжо не гумар і не сатыра, гэта чыстая драма, якую перажывае Саюз беларускіх пісьменнікаў,

прычым цяпер не столькі з-за блакады звонку, колькі па суб’ектыўных прычынах, па неабачлівасці, па розных хібах ягонага кіраўніцтва».

Сп. Якавенка, які з’яўляецца старшынёй рэвізійнай камісіі СБП, піша аб

«злоўжыванні службовым становішчам кіраўніка А.Пашкевіча ды растранжырванні ім грамадскіх сродкаў».

Ён адзначае, што пасля звароту камісіі да Рады наконт Алеся Пашкевіча, апошні «сфальсіфікаваў рашэнне Рады на сваю карысць» і «ўвогуле адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва з рэвізійнай камісіяй».

Пісьменнік закідае, што «вярхушка СБП, як правіла, абслугоўвае сваіх прыхільнікаў-сябрукоў, забываючы пры гэтым пра астатні склад аб’яднання».

«Прапаную Радзе разгледзець пытанне аб адстаўцы дзеючага старшыні СБП і правядзенні датэрміновага з’езду Саюза беларускіх пісьменнікаў»,

— падсумаваў у сваім артыкуле Васіль Якавенка.

Гэта не першы выпадак, калі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў абвінавачваюць кіраўніка грамадскага аб’яднання ў несумленнасці. У верасні з’яўвіўся артыкул «Мільянеры-жабракі, або Дзіўнае існаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў».

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч каментуе артыкул.

— Не пасціпліўся сп. Якавенка, каб пайсці да нашых апанентаў.

Нічога новага ён у сваім артыкуле не знайшоў, а наноў тыражуе нічым не падмацаваныя факты. Пасля паклёпніцкай публікацыі «Мільянеры-жабракі…», зробленай па наводцы сп. Якавенкі, з’явілася заява Рады СБП. Думалася, што гэтым была пастаўлена кропка. Але правакатары не дрэмлюць. Перакананы, што бог бачыць круцяля.

Сп. Якавенка парушае Статут СБП, выступаючы ад імя рэвізійнай камісіі. Бо ён не сабраў кворум камісіі. У час, калі ён выбраў «змагацца» з «д’ябламі», літаратары занятыя іншымі праблемамі ў Беларусі.

Паставіць кропку ў справе абразы мяне і маіх сяброў павінен суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?