У Рэчыцкім раёне 20 лістапада з кабіны трактара выпала дзевяцігадовая дзяўчынка і атрымала траўмы, ад якіх памерла пры дастаўленні ў бальніцу.
Як паведамілі ў аддзяленні прапаганды і прафілактыкі УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, трагедыя здарылася ў вёсцы Вышамір. Падчас руху трактара «Т-16», якім кіраваў вадзіцель 1966 года нараджэння, пры павароце на скрыжаванні вуліц з кабіны выпала дзяўчынка.
Гэта не адзінае ДТЗ са смяротным канцом, якое адбылося ў той дзень у раёне. 29-гадовы вадзіцель аўтамабіля «Аўдзі», рухаючыся па аўтадарозе Рэчыца — Лоеў, учыніў наезд на дзвюх 16-гадовых дзяўчат, якія перасякалі праезную частку ў неўстаноўленым месцы. У выніку ДТЗ адна з дзяўчат ад атрыманых траўмаў памерла пры дастаўленні ў бальніцу, другая атрымала цялесныя пашкоджанні.
Усяго за выхадныя на тэрыторыі Гомельскай вобласці было зарэгістравана 67 ДТЗ, з іх восем — з пацярпелымі. У Ельскім раёне ў аварыі была траўмавана 22-гадовая пасажырка аўтамабіля, якая памерла ў бальніцы. У Мазыры 26-гадовы вадзіцель аўтамабіля «БМВ-725» учыніў наезд на пешахода, 67-гадовую жанчыну, якая памерла на месцы здарэння.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ