Кітай выказаў незадаволенасць рашэннем ФРС ЗША пачаць новую праграму выкупу актываў і дзяржаблігацый на суму 600 млрд даляраў на працягу наступных васьмі месяцаў. На думку намесніка міністра фінансаў КНР Чжу Гуаняа,

чарговы прыток спекулятыўнага капіталу стане шокам для сусветных рынкаў.

«З’яўляючыся эмітэнтам сусветнай рэзервовай валюты, ЗША прымаюць рашэнне запусціць другі раўнд праграмы колькаснага змякчэння (QE, quantitative easing). Ствараецца адчуванне, што яны не разумеюць усю адказнасць, што на іх ляжыць, і не думаюць пра ўплыў гэтага рашэння на рынкі, якія развіваюцца», — прыводзіць словы намесніка міністра агенцтва Reuters.

Чжу Гуаняа лічыць прынятае рэгулятарам рашэнне «няслушным» і мяркуе, што ЗША павінныя ўсведамляць сваю ролю ў сусветнай эканоміцы. Паводле яго словаў, Кітай плануе падчас саміту «вялікай дваццаткі» (адбудзецца 11 — 12 лістапада ў Сеуле) «адкрытую дыскусію» адносна чарговага ўключэння Штатамі «друкаванага станка».

У сваю чаргу кітайскія СМІ выкарыстоўвалі больш жорсткія фармулёўкі, каментуючы рашэнне ФРС ЗША аб уключэнні «друкаванага станка». На іх думку,

дзеянні Вашынгтона з’яўляюцца ўскоснай формай валютнай маніпуляцыі і могуць справакаваць новы віток «валютнай вайны» і нават крах сусветнай фінансавай сістэмы.

Раскрытыкавала новы план амерыканскага рэгулятара і Германія. Міністр фінансаў ФРГ мяркуе, што падобныя дзеянні ствараюць праблемы для іншых краін. «Я не лічу, што такімі мерамі амерыканцы вырашаць свае праблемы, больш за тое, гэтым яны толькі створаць дадатковыя праблемы для астатняга свету», — лічыць В. Шойбле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0