У Мінску прэзентавалі раман Курта Вонэгута «Бойня № 5, або Крыжовы паход дзетак» па-беларуску.

 Аўтар пераклада Павел Касцюкевіч пачынае прэзентацыю

Аўтар пераклада Павел Касцюкевіч пачынае прэзентацыю

 Уладзімір Арлоў узгадвае студэнцкія гады.

Уладзімір Арлоў узгадвае студэнцкія гады.

 Юля Цімафеева.

Юля Цімафеева.

 Віталь Рыжкоў.

Віталь Рыжкоў.

 Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч.

Прэзентацыя ў мінскай кнігарні «Ў» пачалася з малітвы. Той самай знакамітай вонэгутаўскай малітвы:

Божа! Дай мне лагоды

прыняць тое, што

я не магу змяніць,

мужнасці

змяніць тое, што магу,

і мудрасці —

заўсёды адрозніць першае ад другога.

Прамаўляючы яе, аўтар перакладу Павел Касцюкевіч заўважна хваляваўся. Зрэшты, тое хваляванне пайшло на карысць — у невялікай зале кнігарні, дзе сёння ўвечары не было куды ўпасці яблыку, адразу пацішэла. Перакладчык адразу папярэдзіў, што вечарына прысвечаная не толькі перакладзенаму раману, але амерыканскай літаратуры ў цэлым.

Пасля прагляду фрагмента мастацкага фільма Джорджа Роя Хіла «Бойня №5», слова ўзяла старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. Яна расказала, што пераклад Вонэгута запачаткаваў адмыслова заснаваную ЗБС падсерыю «Пераклады» серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Яна прыгадала словы былога пасла Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен-Ар'е, напісаныя ў прадмове да кнігі «Чалавек, які скраў Сцяну Плачу», перакладзенай усё тым жа Касцюкевічам. Пасол пісаў, што праўдзівы дыялог паміж народамі можа быць толькі на нацыянальных мовах. Гэтыя словы цалкам справядлівыя і ў дачыненні да новай працы Паўла, адзначыла Ніна Шыдлоўская.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў прыгадаў свае студэнцкія гады. Неяк партыйная камісія ўніверсітэта запытала, што ён чытае. Пачуўшы ў адказ прозвішчы Азімава, Брэдберы ды Вонэгута, яму настойліва параілі падпісацца на камсамольскія выданні. «Я рады, што праз гады маю магчымасць прачытаць «Бойню» па-беларуску. Думаю, калі б аўтар ведаў нашу мову і мог прачытаць пераклад, ён быў бы ім усцешаны. І паслямовай да рамана таксама». Арлоў прачытаў колькі новых вершаў і саступіў месца перакладчыку рамана Чака Паланіка «Байцоўскі клуб» Сержуку Мядзведзеву. Той зачытаў урывак з рамана, паразважаў над феноменам творчасці Паланіка і перадаў эстафету перакладчыцы Юлі Цімафеевай. У яе выкананні госці прэзентацыі пачулі колькі вершаў паэта-бітніка Алена Гінзберга, драматурга Тэнесі Уільямса і маладога амерыканскага паэта Мэцью Дзікмана па-беларуску. Потым на імправізаванай сцэне слэміў паэт Віталь Рыжкоў. «Сёння прагучаць вершы майго ўлюбёнага паэта Тэйлара Мэлі», — паабяцаў Віталь. І пачалося: «Што робяць настаўнікі...»

Слэм скончыўся, і гаспадар вечару прапанаваў вярнуцца да «Бойні №5». Павел зачытаў паслямову да перакладу і прыгадаў пра знакамітую малітву Вонэгута. «Ёсць розныя версіі, каму належыць аўтарства гэтых радкоў, адну з іх распавядзе Андрэй Хадановіч». Тут жа з’явіўся паэт з гітарай і шчыра прызнаўся, што быў у Амерыцы, але толькі ў Паўднёвай. Хадановіч выканаў колькі перакладзеных на беларускую мову песняў Леанарда Коэна, назваў Касцюкевіча «сонцам і надзеяй беларускага перакладу» ды выказаў спадзеў, што гэта толькі пачатак. «Спадзяюся, што нас чакае працяг перакладаў конча патрэбных тут і цяпер раманаў».

Што ж, спадзяёмся і мы, чытачы і аматары амерыканскай літаратуры.

* * *

Раман / Пер. з анг. Павал Касцюкевіч. — Мінск: Логвінаў, 2010. — 220 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Пераклады. Кніга І) ISBN 978-985-6800-77-4

«Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак» («Slaughterhouse-Five, or The Children’s Crusade») Курт Вонэгут (1922—2007) напісаў у 1969 годзе. Аўтабіяграфічны раман пра бамбардаванне Дрэздэну падчас Другой сусветнай вайны.

Дзе набыць:

«Кнігарня пісьменніка», вул. Казлова, 2, тэл.: 8 (017) 2849061

«Акадэмкніга», пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 8 (017) 2920052

Сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13, тэл.: 8 (017) 2848511

Управа БНФ, вул. Варвашэні, 8, тэл.: 8 (017) 2133008, 8 (017) 2845012

КнігарняЎгалерэі, пр. Незалежнасці, 37А, тэл. 8 (017) 2906306,

Крама «Падземка», пр. Незалежнасці, 43

Кніжная выстава «Свет кніг», вул. Я. Купалы, 27

Інтэрнэт-крама knihi.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?