Часовы ўрад Кыргызстана 26 красавіка разгледзеў дэкрэт аб адхіленні экс‑прэзідэнта Курманбека Бакіева ад пасады, пазбаўленні яго імунітэту і забеспячэнні дастаўкі на радзіму.

«Праект дэкрэта аб адхіленні ад пасады Курманбека Бакіева быў разгледжаны на пасяджэнні ўрада. Згодна з праектам дэкрэта, Бакіеў пазбаўлены прэзідэнцкага імунітэту, і праваахоўным органам даручана забяспечыць яго дастаўку ў рэспубліку», — прыводзіць РІА Новости словы кіраўніка апарату старшыні часовага ўрада Эдыля Байсалава.

Паводле слоў кіраўніка прэс‑цэнтра часовага ўрада Турата Акімава, гаварыць аб прыняцці такога дэкрэта пакуль рана, бо дакумент пакуль не паступіў на подпіс кіраўніку ўрада Розе Атунбаевай.

У Кыргызстане супраць Бакіева распачата крымінальная справа па факце гібелі людзей у час мітынгу, арганізаванага апазіцыяй 7 красавіка ў Бішкеку. Пры штурме кіргізскага Белага дома загінула больш за 80 чалавек.

16 красавіка Бакіеў пакінуў краіну і накіраваўся ў Казахстан. Гэта стала вынікам перамоў з удзелам прэзідэнтаў ЗША, Расіі і Казахстана. Бакіеў напісаў заяву аб складанні паўнамоцтваў. 20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Бакіеў знаходзіцца ў Мінску. На наступны дзень у Выканкаме СНД звергнуты прэзідэнт заявіў, што не прызнае сваёй адстаўкі. »Дзевяць месяцаў таму народ Кыргызстана абраў мяне прэзідэнтам, і я прысягнуў служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі смерць спыніць мяне», — сказаў Бакіеў.

Паводле слоў палітыка, прэм’ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін настаяў на тым, каб ён напісаў заяву аб адстаўцы ў абмен на гарантыі бяспекі паплечнікам. Аднак гарантыі, паводле слоў Бакіева, не былі выкананы. У той жа час Бакіеў заявіў, што не збіраецца вяртацца на радзіму ў якасці дзейнага прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?