Праект Залы народных сходаў аўтарства Марыяна Перацятковіча. 1906. Фота: Навукова-даследчы музей пры Расійскай акадэміі мастацтваў

Праект Залы народных сходаў аўтарства Марыяна Перацятковіча. 1906. Фота: Навукова-даследчы музей пры Расійскай акадэміі мастацтваў

У калекцыі Навукова-даследчага музея пры Расійскай акадэміі мастацтваў адшукалі праект, які выглядае амаль ідэнтычным з тым, па якім быў створаны будынак Опернага тэатра ў Беларусі.

На лісце тушшу намаляваны фасад Залы народных сходаў. Гэты праект быў дыпломнай працай архітэктара Марыяна Перацятковіча, якую ён паспяхова абараніў у 1906 годзе, калі сканчаў навучанне ў Вышэйшым мастацкім вучылішчы пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу.

Конкурсны праект Дзяржаўнага тэатра ў Мінску аўтарства Іосіфа Лангбарда. 1932

Конкурсны праект Дзяржаўнага тэатра ў Мінску аўтарства Іосіфа Лангбарда. 1932

Конкурсны праект Дзяржаўнага тэатра ў Мінску аўтарства Іосіфа Лангбарда. 1932

Конкурсны праект Дзяржаўнага тэатра ў Мінску аўтарства Іосіфа Лангбарда. 1932

У праекце Перацятковіча любы мінчук пазнае знаёмы будынак: тыя ж тры цыліндрычныя аб’ёмы, пастаўленыя адзін на адзін, тыя ж дзве лесвічныя клеткі ззаду. Адрозненне ад таго, што можна пабачыць у праекце Лангбарда ці ўжывую на Траецкай Гары, толькі ў дэкоры фасадаў. 

Як жа так сталася? Марыян Перацятковіч нарадзіўся на Валыні. Дзякуючы свайму выдатнаму праекту ён атрымаў у 1907 годзе права на пенсіянерскую (то-бок за кошт дзяржавы) паездку ў Італію і Францыю. Па вяртанні выкладаў у вышэйшых навучальных установах, у тым ліку чытаў курс лекцый у альма-матар, куды ў 1907 годзе паступіў Іосіф Лангбард.

Праект будынку для народных сходаў Перацятковіча ў «Ежегоднику Общества архитекторов-художников» за 1907 год.

Праект будынку для народных сходаў Перацятковіча ў «Ежегоднику Общества архитекторов-художников» за 1907 год.

Ці быў беларускі дойлід ягоным вучнем, няясна, але вядома, што праект Перацятковіча быў надрукаваны ў 1907 у «Ежегоднику Общества архитекторов-художников», які пецярбургскі студэнт-архітэктар не мог не бачыць.

Перацятковіч заўчасна памёр у 1916 годзе ў Кіеве ад інфаркту. Лангбард, які скончыў навучанне адначасова з пачаткам Першай сусветнай вайны, пасля служыў на фронце начальнікам інжынернага атрада, наўрад ці меў магчымасць папрацаваць з Перацятковічам.

Праект Лангбарда і ў пачатку 1930-х гадоў, калі быў пабудаваны тэатр у Мінску, выглядаў надзвычай сучасна, у духу тагачаснага постканструктывізму з элементамі арт-дэко. Як жа праект Перацятковіча змог апярэдзіць свой час? 

Паводле меркавання тэлеграм-канала «Спадчына», Перацятковіч не толькі не апярэджваў свой час, але і натхняўся рымскай архітэктурай тысячагадовай даўніны.

Перацятковіч хоць і вядомы ў першую чаргу як архітэктар мадэрну, але ў той жа час быў адным з галоўных неакласіцыстаў 1900-1910-х гг. Яго імя часта ідзе другім пасля імя беларуса Івана Жалтоўскага, які на італьянскіх, у прыватнасці паладыянскіх, узорах стварыў пасля «сталінскі ампір». Відаць, не менш апантаным італьянафілам быў і Перацятковіч.

Рэканструкцыя маўзалея Адрыяна ў Рыме. 

Рэканструкцыя маўзалея Адрыяна ў Рыме. 

Рэканструкцыя маўзалея Аўгуста ў Рыме. 

Рэканструкцыя маўзалея Аўгуста ў Рыме. 

Найперш падабенства праекта Перацятковіча бачаць з рымскімі маўзалеямі імператараў Адрыяна і Аўгуста. Абодва маўзалеі захаваліся часткова, маўзалей Адрыяна сёння — замак Святога Анёла, а маўзалей Аўгуста — проста музеяфікаваная руіна на іншым беразе Тыбра. Але абодва мелі тэлескапічную пабудову, дзе кожны цыліндрычны ярус быў меншым за ніжэйшы.

Верхняя частка маўзалеяў, аднак, не збераглася, ёсць некалькі варыянтаў сучасных рэканструкцый. Але гістарычна адна з найбольш распаўсюджаных рэканструкцый маўзалея Аўгуста, якая была вядомая і ў пачатку XX стагоддзя, нагадвала чатырохярусны «торт».

Сучасны выгляд маўзалея Аўгуста ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons

Сучасны выгляд маўзалея Аўгуста ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя маўзалея Адрыяна ў Рыме ў пачатку XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя маўзалея Адрыяна ў Рыме ў пачатку XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя маўзалея Аўгуста ў Рыме ў пачатку XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя маўзалея Аўгуста ў Рыме ў пачатку XIX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Другой крыніцай натхнення Перацятковіча, якая, хутчэй, падмацоўвала першую, былі знакамітыя рымскія амфітэатр Флавія, больш вядомы як Калізей, і цырк Марцэла. Цырк Марцэла ў плане паўкруглы, бо меў сцэну для прадстаўлення, як і Зала народных сходаў, і Оперны тэатр. Архітэктары заўважаюць, што ў цырка Марцэла на плане ёсць бакавыя залы-кулуары з паўкруглымі апсідамі, якія Перацятковіч паўтарае ў сваім праекце без асаблівай неабходнасці.

План тэатра Марцэла і план Залы народных сходаў аўтарства Марыяна Перацятковіча.

План тэатра Марцэла і план Залы народных сходаў аўтарства Марыяна Перацятковіча.

Сама форма зусім нярэдкая, абсалютна натуральная для глядзельнай залы. У 1870-я гады будуюць знакамітую оперу Зэмпера ў Дрэздэне, у 1880-я оперны тэатр у Адэсе. У адрозненне ад іхніх пышных фасадаў, праект Перацятковіча па-рымску аскетычны, з вялікімі плошчамі сцен, пазбаўленых дэкору, чаго не магло быць у папярэднім эклектычным стылі. Але магло быць у рымскай архітэктуры, прынамсі ў тым выглядзе, у якім яна дайшла да XX стагоддзя — прыгадайце голыя брутальныя сцены тэрмаў, маўзалеяў, Пантэона.

Архітэктары адзначаюць, што дакладнага пераймання ў Перацятковіча няма, гэта, хутчэй, сінтэз і кампіляцыя рымскіх помнікаў з улікам сучасных аўтару рэалій, а вось праект Лангбарда сапраўды «неадрозны да змяшэння» з праектам папярэдніка.

Рымскія пабудовы, у тым ліку знакаміты Пантэон, гэта часам досыць аскетычныя збудаванні. Да гэтай чысціні формы класічная архітэктура час ад часу спрабуе вяртацца. Фота: Wikimedia Commons

Рымскія пабудовы, у тым ліку знакаміты Пантэон, гэта часам досыць аскетычныя збудаванні. Да гэтай чысціні формы класічная архітэктура час ад часу спрабуе вяртацца. Фота: Wikimedia Commons

Праўда, каб асучасніць мінскі тэатр, Лангбард адмовіўся ад рымскага аскетызму і класічнага ордара, разбіўшы грувасткі аб’ём частымі вертыкальнымі чляненнямі — атрымаўся цалкам праект у духу мадэрнізму і арт-дэко. Тыя ж чляненні былі і на культавым праекце Палаца Саветаў у Маскве. Мяркуецца, што так званы «рабрысты стыль» таксама не вынаходніцтва савецкіх дойлідаў, а паўтарае стыль амерыканскіх хмарачосаў.

Нерэалізаваны праект Палаца Саветаў у Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Нерэалізаваны праект Палаца Саветаў у Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Такім чынам, Оперны тэатр у Мінску ў сваёй аснове аб’ядноўвае стылі і формы, якія спарадзілі далёкія ад камуністычнай ідэалогіі культуры. Але архітэктары адзначаюць, што праект Лангбарда не варта лічыць плагіятам — хутчэй, амажам нерэалізаванаму праекту папярэдніка.

Чытайце таксама:

Сталінкі, саборы, мячэці. Чым расійская архітэктура абавязана Беларусі

Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Тайная гісторыя мінскага праспекта

label.reaction.like
37
label.reaction.facepalm
5
label.reaction.smile
9
label.reaction.omg
6
label.reaction.sad
4
label.reaction.anger
17

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?