Афіцыйны прадстаўнік ЦАХАЛ Даніэль Хагары пацвердзіў інфармацыю пра іранскія дроны. Іран афіцыйна абвясціў аб пачатку паветранай атакі па цэлях на тэрыторыі Ізраіля. Гэта лічаць адказам на забойства высокапастаўленых афіцэраў Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў выніку ізраільскай атакі на консульства Ірана ў Дамаску 1 красавіка.

Паведамляецца, што «Борт Суднага дня» — самалёт, прыстасаваны для кіравання арміяй Ізраіля — таксама падняўся ў паветра.

Незадоўга да гэтага прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху запісаў тэрміновы зварот да грамадзян: Ізраіль гатовы да прамога нападу з боку Ірана і адкажа на гэтую атаку. 

Скрын відэазвароту Нетаньяху

Скрын відэазвароту Нетаньяху

«Грамадзяне Ізраіля! У апошнія гады, а тым больш у апошнія тыдні, Ізраіль рыхтуецца да магчымасці прамога нападу з боку Ірана.

Нашы сістэмы абароны разгорнутыя, мы гатовыя да любога сцэнару, як у абароне, так і ў нападзе. Дзяржава Ізраіль моцная, Армія абароны Ізраіля моцная, грамадскасць моцная.

Мы цэнім падтрымку ЗША, а таксама падтрымку Вялікабрытаніі, Францыі і многіх іншых краін.

Я вызначыў выразны прынцып — хто нам прычыняе боль, таму мы прычыняем боль. Мы абаронім сябе ад любой пагрозы і зробім гэта стрымана і рашуча».

Два самалёты El Al, якія вылецелі з Тайланда ў Тэль-Авіў, развярнуліся, і вяртаюцца ў азіяцкую краіну.

Іранскія СМІ сцвярджаюць, што хакерскай кібератакай адключаная ізраільская сістэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал».

Тэль-Авіў пакуль не пракаментаваў гэтай інфармацыі — якая можа быць і дэзынфармацыяй.

Чакаецца, што ў момант падлёту да Ізраіля іранскіх дронаў, пачнецца таксама атака Ірана балістычнымі і крылатымі ракетамі. У сваю чаргу, яна можа выклікаць удар Ізраіля па Іране ў адказ, у тым ліку па ядзерных аб’ектах персідскай дзяржавы.

Прэс-сакратар арміі Ізраіля заявіў, што сірэны паветранай трывогі спрацуюць у момант падлёту дронаў.

Ізраільскія СМІ паведамляюць, што амерыканцы пабачылі старт дронаў першымі і адразу папярэдзілі сваіх ізраільскіх саюзнікаў.

Услед за дронамі Іран запусціў па Ізраілю крылатыя ракеты. Як паведамляе Ynet, ракеты могуць дасягнуць тэрыторыі Ізраіля на працягу прыкладна дзвюх гадзін. 12-ы канал ізраільскага тэлебачання паведамляе, што дроны будуць збіваць ужо над Іарданіяй і Сірыяй, на далёкіх подступах да Ізраіля, з дапамогай саюзнікаў.

Пасля запуску трэцяй хвалі дронаў ужо больш за 100 аб’ектаў кіруюцца да Ізраіля, паведамляюць ізраільскія СМІ.

Ваенны кабінет Ізраіля сабраўся на вайсковай базе Кірыят каля Тэль-Авіва, паведамляюць ізраільскія СМІ. Побач з прэм’ерам Біньямінам Нетаньяху сядзяць асноўныя міністры і кіраўнікі арміі.

Фота: timesofisrael.com

Фота: timesofisrael.com

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак назваў напад Ірана на Ізраіль бяздумным. Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія працягне адстойваць бяспеку Ізраіля і сваіх рэгіянальных партнёраў.

IRNA паведамляе, што Іран запусціў першую хвалю балістычных ракет у бок Ізраіля.

Клас
13
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
17
Абуральна
50