Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Не ў рэестры — не таксіст

Таксістам, якія захочуць заставацца ў прафесіі, давядзецца выканаць шэраг умоў. Працаваць змогуць толькі тыя, хто будзе занесены ў дзяржаўны рэестр. У ім мусіць быць як дыспетчарская служба, так і транспартны сродак і кіроўца.

Дадаваць у рэестр з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2024 будуць бясплатна. Пасля трэба будзе плаціць дзяржпошліну.

За транспартны сродак — 2 базавыя, за кіроўцу — 1 базавую, за дыспетчара — 100 базавых. Унясенне змяненняў таксама будзе платным — па 1 базавай за змену звестак пра транспартны сродак або дыспетчара і па 0,5 базавай за змену звестак пра вадзіцеля.

Доступ да даных з рэестру будуць мець ДАІ, Белдзяржтэхагляд, дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і ІП, бюро па транспартным страхаванні.

Апроч іх, пры патрэбе Транспартная інспекцыя будзе даваць звесткі з рэестру ўсім зацікаўленым кантралявальным і надглядным органам.

Патрапіць у рэестр могуць толькі дыспетчары, кіроўцы і транспартныя сродкі, якія адпавядаюць шэрагу патрабаванняў.

Відэаназіранне

У салоне аўтамабіля таксі ў абавязковым парадку мусіць весціся відэаназіранне. Перавозчык абавязаны захоўваць відэафайлы цягам 10 сутак. Сам аўтамабіль таксі мусіць быць афарбаваны або абклеены ў адпаведнасці з рэгламентам. Важна, што такі аўтамабіль больш нельга будзе выкарыстоўваць для асабістых паездак. 

Аўтамабілям таксі можна перасоўвацца толькі па патрэбах перавозчыка і толькі ў працоўны час. Змена заканчваецца праз 20 хвілін пасля таго, як машына прыехала на стаянку. Такая інфармацыя з'явілася падчас чарговага абмеркавання змененага заканадаўства ў сакавіку.

Праз гэтыя і шэраг іншых патрабаванняў прадстаўнікі дадзенай сферы асцерагаюцца, што многія страцяць бізнэс, працу або падпрацоўку. Пры гэтым можна казаць пра тое, што ў таксісцкай супольнасці няма адзінага меркавання наконт новых правіл гульні. Адзін з суразмоўцаў лічыць, што новаўвядзенні даб'юць сферу, якая і без таго перажывае не самыя лепшыя часы, а іншы спадзяецца на тое, што разам з узрослымі складанасцямі і выдаткамі вырастуць і заробкі.

«За такія грошы мала хто хоча працаваць»

«У таксі цяпер сапраўды накапілася шмат праблем. Нізкія тарыфы, высокая канкурэнцыя, складана знайсці годных кіроўцаў», — тлумачыць суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Мужчына прызнаецца, што ў гэтай сферы каб нешта засталося сабе, даводзіцца эканоміць на ўсім. У тым ліку на падатках. 

«У абласных гарадах кіроўцы і так зарабляюць не шмат — да 1500 рублёў, але на «паперы» яшчэ менш, бо калі плаціць усе падаткі сумленна, то на зарплату застанецца яшчэ менш. Таму гэта хутчэй неабходнасць, чым жаданне падмануць дзяржаву», — апраўдваецца таксіст.

З ягоных слоў, праблема з пошукам кіроўцаў — ледзь не асноўная на цяперашні момант.

«За такія грошы мала хто хоча працаваць, таму ў таксі вельмі шмат тых, хто прыходзіць туды выключна, каб перакантавацца, пакуль не знойдзе лепшую працу. Каб зарабляць больш-менш нармальна, кіроўцам, якія працуюць на арэндным аўто або на працэнце ад замоў, трэба рэгулярна парушаць працоўны графік».

«Дзе захоўваць гэтыя сотні гігабайтаў відэа?»

Суразмоўца лічыць, што са з'яўленнем рэестру, куды неабходна ўносіць даныя кіроўцы, уладальнікам нават невялікіх аўтапаркаў давядзецца выдаткаваць на гэта шмат часу і грошай.

«Цякучка кадраў у нашай сферы вельмі высокая, шмат хто працуе па 1-2 месяцы, а потым сыходзіць.

І гэта толькі адна з праблем, бо трэба выдаткаваць дадатковыя грошы на відэарэгістратар, знайсці дзе захоўваць гэтыя сотні гігабайтаў відэа. Гэта ўсё дадатковая нагрузка, якая кладзецца на плечы ўласніка бізнэсу. Не выключаю, што тым, у каго шмат машын, давядзецца браць асобнага чалавека на працу, які будзе за ўсім гэтым сачыць, захоўваць і выдаляць інфармацыю».

Рэлакацыя бізнэсу ў Польшчу

Мужчына кажа, што сам ён праз гэтыя змены вырашыў сысці з бізнэсу. Цяпер ён распрадае машыны ў Беларусі і закупляе ў Польшчы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Для сябе падлічыў і вырашыў, што мне прасцей і выгадней будзе рэлакаваць бізнэс у Польшчу. Частку машын ужо прадаў, іншыя яшчэ ездзяць, пакуль наладжваю працэсы ў Польшчы. Гэта даволі папулярны бізнэс сярод мігрантаў, шмат беларусаў маюць там таксі. Самі працуюць, здаюць машыны ў арэнду. Там няма ўсіх гэтых дурных патрабаванняў», — кажа суразмоўца.

На думку таксіста, новаўвядзенні наўрад ці падымуць якасць перавозак, а вось цэны дакладна вырастуць, бо ў перавозчыкаў з'явіцца шмат дадатковых выдаткаў, якія трэба будзе кампенсаваць.

«Але я не веру ў тое, што тарыф можа вырасці так, каб усе гэтыя дадатковыя цяжкасці акупіліся. Бо нават калі заробак застанецца на тым жа ўзроўні, то які сэнс за тыя самыя грошы выконваць больш працы», — задаецца пытаннем перавозчык.

Таксама мужчына кажа, што не разумее, навошта было ўводзіць забарону на выкарыстанне аўто ў асабістых мэтах. На яго думку, гэта не толькі адштурхне частку тых, хто арандаваў аўто, але і прыватнікаў, якія працавалі на ўласным транспарце.

«Магчымасць мець аўтамабіль у рэжыме 24/7 была адным з нешматлікіх плюсаў для тых, хто працаваў на арэндных аўто. Чалавек плаціў арэнду і мог выкарыстоўваць машыны, як захоча. Хочаш працуй, а хочаш едзь на вёску або з дзеўкамі катайся».

Тым, хто таксаваў на ўласным аўто, давядзецца або набываць яшчэ адзін, каб мець магчымасць заставацца ў прафесіі, або сыходзіць з яе.

«Сярод таксістаў было нямала тых, што працуе сам на сябе на ўласным аўто, хоць фармальна лічыцца наёмным супрацоўнікам. Не ўсе працавалі ў таксі на фултайме, нехта мог паралельна хадзіць на пазменную працу. Некаторыя так падзараблялі на пенсіі. Цяпер дзяржава прапануе ім іх уласнасць перавесці з прыватнай у нейкую іншую форму, калі машына ёсць, а карыстацца ёй немагчыма».

Аўтамабіляў таксі можа стаць менш

Іншы суразмоўца глядзіць у будучыню больш пазітыўна. Мужчына лічыць, што новаўвядзенні не стануць перашкодай для працы.

«Напэўна, аўтамабіляў таксі стане крыху менш, але для саміх перавозчыкаў у гэтым няма нічога кепскага, бо ў такім выпадку мусяць вырасці тарыфы на перавозку, што ў выніку пазітыўна адаб'ецца на прыбытках», — спадзяецца суразмоўца.

Мужчына лічыць, што чым вышэй будзе парог уваходу ў бізнэс, тым лепей. На яго думку, гэта можа паўплываць і на якасць аказання паслуг.

«Калі перавозчык і сам кіроўца будзе разумець, што можа вылецець з рэестру і прынамсі на нейкі час згубіць працу, то ён будзе больш клапаціцца аб якасці аказання паслуг і выканання законаў».

«Мы ўсе моцна залежым ад манапаліста «Яндэкс-Таксі»

Мужчына кажа, што з улікам цяперашніх тарыфаў паслугі таксі ў Беларусі надта даступныя, бо калі ехаць разам 3-4 пасажырам, то паездка абыходзіцца танней, чым на маршрутцы.

Таксіст кажа, што ён не супраць выдаткаваць дадатковыя грошы і час на тое, каб застацца ў бізнэсе.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Галоўнае, каб гэтыя выдаткі акупіліся. Па ідэі, тарыф на паездку ў таксі мусіць моцна падрасці, бо гэта цалкам лагічна з улікам скарачэння ахвотных аказваць такія паслугі. Але мы ўсе моцна залежым ад манапаліста «Яндэкс-Таксі».

Калі ён адэкватна павысіць тарыф, то будзе добра. Бо нам, як уласнікам бізнэсу, так і простым кіроўцам, лепей выканаць умоўна 30 замоў за дзень па тарыфе 15 рублёў за паездку, чым 45 паездак па тарыфе 10 рублёў за паездку».

З усімі зменамі ў сферы пасажырскіх перавозак можна азнаёміцца па спасылцы.

Клас
7
Панылы сорам
17
Ха-ха
6
Ого
10
Сумна
7
Абуральна
43