Фота: AP Photo/Vadim Ghirda

Фота: AP Photo/Vadim Ghirda

Па колькасці пазітыўных ацэнак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апярэдзіў лідараў краін ЕС — Олафа Шольца, Эмануэля Макрона і Дональда Туска. Аднак асоба Зяленскага выклікала кантрасныя ацэнкі, бо сярод апытаных нямала і тых, хто ацэньвае яго негатыўна: 32%. Яшчэ 21% сказалі, што мала што пра яго ведаюць.

Найбольш пазітыўныя водгукі Зяленскі атрымаў у краінах Скандынавіі, дзе 70-80 працэнтаў апытаных ацанілі ягоную дзейнасць станоўча. А горш за ўсё, паводле даных сацапытання, да прэзідэнта Украіны ставяцца ў Венгрыі, Грэцыі і Славакіі, дзе толькі ад 15 да 25 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся пра Зяленскага станоўча.

Эмануэль Макрон заняў другое пасля Зяленскага месца, набраўшы каля 41% станоўчых ацэнак сярод рэспандэнтаў з краін ЕС. Олаф Шольц ідзе следам за Макронам, ён атрымаў 38% ухвалення. Характэрна, што найменшую колькасць ухвальных ацэнак Шольц і Макрон набралі сярод рэспандэнтаў са сваіх уласных краін.

Найменш ухваленымі палітыкамі, паводле сацапытання, сталі лідары Расіі і Венгрыі — Уладзімір Пуцін і Віктар Орбан. Дзейнасць Орбана пазітыўна ацанілі толькі 15 працэнтаў апытаных еўрапейцаў, а Пуціна — увогуле толькі 10. 79% еўрапейцаў акрэслілі сваё стаўленне да Пуціна як негатыўнае.

Адносна лепш пазіцыі расійскага кіраўніка выглядаюць у меркаваннях жыхароў Балгарыі, Славакіі і Грэцыі, дзе станоўча яго ацанілі ад 22 да 37 адсоткаў рэспандэнтаў. У краінах Паўночнай Еўропы станоўча да Пуціна ставяцца лічаныя адзінкі апытаных.

Горш за ўсё Пуціна ацанілі ў Фінляндыі (94%), Швецыі (91%), Даніі (91%), Польшчы (91%), Іспаніі (90%), Партугаліі (89%), Нідэрландах (88%) і Францыі (80%). Толькі ў чатырох краінах яго асуджаюць менш за 60%: у Грэцыі (59%), Венгрыі (57%), Славакіі (56%) і Балгарыі (48%).

Найбольш з краін Еўрасаюза любяць Пуціна ў Балгарыі: 37% рэспандэнтаў адтуль ацэньваюць ягоную асобу пазітыўна. Таксама добра думаюць пра Пуціна 28% удзельнікаў апытання з Грэцыі, 22% — са Славакіі, 20% — з Венгрыі.

Адказу адносна стаўлення да Лукашэнкі гэта апытанне не дало.

Чытайце таксама:

Астапеня: «Калі вы раззлуеце дзеда, то чаго дасягнеце? Задача — кожны дзень развіваць Беларусь»

Якую Беларусь хочуць беларусы? Аналіз апытанняў дае цікавую карціну

Стала вядома, колькі жыхароў краіны лічаць, што Беларусь не павінна быць незалежнай дзяржавай

Клас
19
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1